Украінскі прэзідэнт трапіў пад абстрэл


Сепаратысты распачалі мінны абстрэл украінскіх пазіцыяў, калі там знаходзіўся з візітам Пятро Парашэнка.

Cпікер Адміністрацыі прэзідэнта Украіны па пытаннях АТА Андрэй Лысенка на брыфінгу ў Кіеве паведаміў, што Пятро Парашэнка трапіў пад абстрэл.

«У Зайцаве, Маёрску, Аўдзееўцы, Вопытным і Вадзяным адбыліся варожыя мінамётныя абстрэлы, а ў Пясках праціўнік адкрываў агонь са ствольнай артылерыі. Усяго па нашых пазіцыях выпусцілі больш за 130 мінаў і 26 снарадаў», – цытуе Лысенку агенцтва «УНІАН».

Учора на гэтых пазіцыях знаходзіўся ўкраінскі прэзідэнт, які праінспектаваў некалькі апорных пунктаў і пагутарыў з украінскімі абаронцамі. На легендарным блёкпосце «Рэспубліка Мост» – праездзе да Пяскоў пад Данецкам, – які размешчаны ў 800 метрах ад Данецкага аэрапорта, Парашэнка ўзнагародзіў вайскоўцаў і валантэраў медалямі ды падпісаў указ аб дэмабілізацыі тых, хто быў закліканы ў войска падчас пятай хвалі мабілізацыі.

У выніку абстрэлу Парашэнка не пацярпеў. Учорашні дзень быў у зоне АТА адносна спакойным: сярод украінскіх вайскоўцаў загінулых не было, два жаўнеры былі параненыя.

ДД, belsat.eu; фота: «УНІАН»

Стужка навінаў