Украіна: Як жывуць сіроты распаду СССР? Падпалкоўнік ВПС сёння – кіроўца таксі


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Дзяцінства Саша правёў у Беларусі. Ва ўкраінскім Чарнігаве вывучаў пілатаванне баявых знішчальнікаў, дзе і застаўся пасля распаду СССР. Хаця ён і называе Беларусь сваім домам, Саша добра разумее, чаму ўкраінцы выйшлі на «Майдан»і чаму бароняць сваю краіну ад расейскай агрэсіі.

Пілот паводле выпадку

Займаўся веласпортам. Скочваючы школу, ужо быў майстрам спорту, і мае настаўнікі вызначылі мой далейшы жыццёвы шлях.

На апошніх спаборніцтвах на ўчастку Гомель-Жлобін шмат хто з нашай каманды атрымаў траўмы. Я зламаў ключыцу. І ад плана – вучыцца ў Менскім РТІ і працягваць займацца спортам – прыйшлося адмовіцца.

Адзін з маіх двух сяброў вырашыў паступаць у Чарнігаўскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў (ВВАВЛ), ну а я паехаў з ім за кампанію. Той, хто гарэў жаданнем, – не паступіў, мы ж – прайшлі. Гэта было ў 1982 годзе.

Спачатку пажурылі, а пасля ўзнагародзілі

Чарнігаўскае ВВАВЛ ім. Ленінскага камсамола рыхтавала лётчыкаў-знішчальнікаў. Я ўжо ведаў, што пасля заканчэння вучылішча буду служыць у Ташкенце. За месяц да дзяржэкзаменаў на начных палётах з інструктарам не выйшла левая стойка шасі. Мы адмовіліся катапультавацца і зрабілі пасадку на бетонную ўзлётна-пасадачную паласу.

Нас спачатку пажурылі, а пасля ўзнагародзілі. Далі права выбару месца службы. Намеснік камандзіра вучылішча палкоўнік Собалеў прапанаваў месца лётчыка-інструктара ва Уманскім палку.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Зарэгістраваліся прадпрымальнікамі

Потым пачалі скарачаць колькасць самалётаў. «Міг-21» рэзалі, было балюча і крыўдна. Частку самалётаў перагналі ў іншыя месцы. Лётчыкі былі розных нацыянальнасцяў. Яны пачалі з’язджаць – хто ў Расею, хто ў Беларусь.

Я паехаў у Пружаны, потым у Бярозу, хацеў там працягваць службу. У той час у мяне ўжо былі два сыны, сям’я… Але жытла там не было, лётчыкі не лёталі. Вярнуўся назад. Працягваў служыць да 2002 г., пакуль вучылішча не скарацілі.

Звольніўся з пасады камандзіра эскадрыллі ў званні падпалкоўніка, паехаў дадому ў Беларусь, хацеў там жыць. Але праз год зноў вярнуўся ва Украіну. Старэйшы вучыўся ў школе, малодшы ішоў у першы клас. У Чарнігаве была кватэра, а ў Беларусі трэба было чакаць. Ды і жонка родам з Чарнігава.

Зарэгістраваліся прадпрымальнікамі разам з жонкаю ды пачалі гандляваць на рынку, і так – дагэтуль.

Беларусь, Украіна – дзе лепш, дзе горш…

Маці, брат, сябры жывуць у Беларусі, я рэгулярна туды езджу, мы падтрымліваем кантакты. Дзе лепш, дзе горш цяпер? Гэта з якога боку паглядзець.

У Беларусі ўсё-такі спакой ды стабільнасць. Ва Украіне цяпер такога няма. Калі не сядзець на канапе, калі хочаш нешта зарабіць, то якая розніца, дзе ты жывеш, – паўсюль ёсць магчымасці. Асаблівасці вядзення бізнесу паўсюль свае, хай у Беларусі нешта і складаней.

Ведаю, што беларусы цяпер ездзяць да нас па тавар, як мы ў 90-х у Польшчу ездзілі. Хоць, калі бываю ў Беларусі, і параўноўваю цэны, бачу што яны на такім самым узроўні. Дзе яны бяруць танны тавар, мо на базах? Не ведаю. Бытавую тэхніку возяць.

Тут таксама бізнес з «асаблівасцямі». Як толькі праверкі якія – у вочы кажуць: у нас свята, нам патрэбныя падарункі. І ўжо не як раней: купім па закупачных коштах, а прынясі вось гэта і вось гэта. А «Майдан»– гэта наступства такіх дзеянняў, калі народ гнуць праз калена.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

«Майдан» – нездарма

Я і цяпер веру, што «Майдан»– нездарма, нешта зменіцца да лепшага. Я – аптыміст. І на першы («аранжавы»), і на другі «Майдан» мы з жонкаю ездзілі ды вазілі прадукты, падтрымлівалі.

Праўда, вельмі шмат старых чыноўнікаў, якія былі падчас «аранжавай улады», засталіся і пры «сіняй». «Колер» змяняецца, а яны застаюцца. Усе яны, хто браў хабар, усе засталіся і да гэтага часу працуюць. Прыстасаваліся.

Балюча і крыўдна, калі тыя ж даішнікі, якія тады бралі, хапалі, цяпер – з афіцэрскімі пагонамі – сядзяць у тваім таксі і дзеляць на траіх «выручку». Нядаўна такіх высадзіў. Яны нават не задумаліся, пра тое, хто я такі, кім я мог быць у мінулым жыцці. Як я пастаўлюся да таго, што яны без сораму, дзеляць у салоне аўтамабіля грошы.

Мы, маўляў, таксама хочам Пуціна

Едзем па тэрыторыі былога Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча, па алеі з ялінкамі, якія саджалі касманаўты – выпускнікі вучылішча. Пад’ехалі да музею, на пляцоўцы самалёты: «Міг-21», «Міг-23», «Міг-15», «Міг-17», «Л-29», «Л-39».

Саша кажа, што былі яшчэ самалёты канструкцыі Якаўлева часоў мінулай вайны, але яны зніклі. А за гэтыя – іх таксама хацелі расцягнуць – давялося змагацца. Былыя авіятары выходзілі на дзяжурства ўначы ды ахоўвалі, каб не скралі тэхніку.

Я жыву ва Украіне, – распавядае былы лётчык, – у мяне тут выраслі дзеці. Я прыхільнік адзінай краіны і не падтрымліваю так званыя ДНР і ЛНР. Хоць у мяне ёсць сябар, выпускнік менскага сувораўскага вучылішча, былы лётчык, які з’ехаў ваяваць на другім баку.

Тэлефанаваў «адтуль». У мяне было толькі адное пытанне: «Як ты мог здрадзіць той дзяржаве, у якой жывеш? Ты ў мінулым ваенны, ты павінен разумець такія рэчы… »

Ёсць тут такія, з якімі я служыў, якія лічаць, што ім плацяць пенсію ў разы меншую, чымся ў Расеі, і таму мы, маўляў, таксама хочам Пуціна. А я лічу, што 50 гадоў – гэта не ўзрост. Ёсць рукі, ёсць галава – ідзі, зарабляй і не чакай ад дзяржавы пенсіі.

Сядзяць тут у гаражах соднямі, у чыне палкоўніка ды падпалкоўніка, гарэлку п’янствуюць, плачуць кракадзілавымі слязьмі. Чамусьці я, падпалкоўнік, таксую ды зарабляю і там, і сям, і не наракаю на гэтае жыццё, а яны сядзяць і плачуць, што ў іх няма грошай.

Чачэнія вырашыла аддзяліцца ў 1995 годзе, Масква не дала. Чаму Украіна павінна даць такую ​​магчымасць ДНР і ЛНР? Асабіста я не бачу варыянту існавання ДНР і ЛНР па-за Украінай. Як яны будуць жыць? Каму яны патрэбныя? Расеі яны не патрэбныя.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Крым: былі варыянты ўвогуле яго не аддаць

Крым? Шмат з кім я размаўляў – і з былымі саслужыўцамі, і з людзьмі з Феадосіі, і з Бельбека… Юлі Мамчур, дарэчы, мой курсант, які выйшаў супраць «зялёных чалавечкаў» са сцягам і гімнам Украіны. Усе так кажуць, гэта не толькі маё меркаванне: былі варыянты наагул яго не аддаць. Войскаў і ўзбраенняў на тэрыторыі было дастаткова. Сілы сурёзныя, маглі ўсе гэта перадухіліць. Каманды не было? Існуюць спецпадраздзяленні, ім плацяць зарплату, яны маглі разагнаць. Чаму не зрабілі?

Тэлефаную Мамчуру: «Юлі, як справы?» – «Сядзім чакаем». – «Чаго не тэлефануеш?» – «Няма грошай на рахунках». Закінуў ім грошы, каб прынамсі патэлефанаваць маглі. Ім далі загад: «Сядзіце, чакайце!». Здалі самі Крым. І ніхто адказнасці дагэтуль не панёс.

Дазволу не трэба, селі – і паляцелі

Саша шмат паліць. «Без цыгарэт не выязджаю, два пачкі ў машыне мусяць быць», – патлумачыў ён. А вось піць не п’ю, ужо больш за 15 гадоў. Ні кроплі спіртнога.

Некаторыя пытаюцца ў мяне: як ты сябе супакойваеш, ты ж не п’еш? Саджуся ў маленькую машыну ды еду ў кірунку Беларусі, – родны край побач, Палессе. Пасяджу з дзве, тры гадзіны, пакрычу, песні паспяваю, – такім чынам я разгружаюся.

Едзем па тэрыторыі былога авіягарадка. Саша працягвае: З «маіх» ужо ніхто не служыць. Былі і тыя, хто лётаў у пілатажных групах «Стрыжы» і «Рускія Віцязі» у Кубінцы, але яны таксама звольніліся. Скажу шчыра, каб не «развал», дык служыў бы яшчэ, – здароўе дазваляе.

Ёсць сябар, які гадоў пяць назад набыў дэльтаплан. «Падлётваем», – тут за Дзясной вялікія лугі. Усе мы, хто тут жыве, – былыя пілоты, з жонкамі. Дазволаў ніякіх не трэба, селі – і паляцелі.

Для кожнага, хто аднойчы пасвяціў сябе палёту ў небе, гэта назаўжды.

Антон Палётаў, belsat.eu

Стужка навінаў