«Ударыў мяне ў твар. Я павалілася, а ён падышоў і ўдарыў мяне нагой у жывот». Як працуе міліцыя ў Лоеве


Людзі жылі ў страху, моўчкі зносілі жорсткія злоўжыванні. Цяпер распавялі ўсё медыям. Цярплівасць скончылася пасля брутальнага затрымання міліцыяй журналістаў «Белсату», якія рабілі рэпартаж аб беднасці ў Лоеве.

Паселішча, у якім страшна жыць. Гэтак мясцовыя жыхары называюць Лоеў. Шмат хто ў гэтым гарадскім пасёлку на Гомельшчыне наракае на міліцэйскую сваволю. Людміла Панамарчук яшчэ летась паведаміла «Белсату», што яе і ейнага мужа Васіля Дзядкова збівалі ды зневажалі тыя, хто, паводле закону, мусіць іх абараняць.

«Пачалі яго збіваць. Ударылі два разы ў твар. Я схапіла гэтага міліцыянта за рукі і спыталася: Што вы робіце? Што мы такое зрабілі? Ён ударыў мяне ў твар. Я павалілася на зямлю, а ён падышоў і ўдарыў мяне нагой у жывот. Вельмі моцна мяне ўдарыў», – сведчыла Людміла Панамарчук.

Скардзяцца многія – пакарання няма!

Са словаў Людмілы, збіваў міліцыянт на прозвішча Жук. Людзі, якія лічаць сябе пацярпелымі, звярнуліся ў Лоеўскі аддзел Следчага камітэту з патрабаваннем завесці супраць яго крымінальную справу. Правяранне цягнулася месяцамі, а цяпер людзі атрымалі адмову. Маўляў, доказаў гвалту не знайшлі.

«Я б хацела, каб паднялі відэазапісы, калі нас прывезлі ў пастарунак. Там мусіць быць дакладны час. Жук калі захадзіў трымаў руках адарваны пагон, які сам сабе адарваў. Але ў пастанове пра гэта няма ні слова, як і пра тое, як у грубай форме казаў мне, што мяне пасадзіць, і што са мной на зоне будуць рабіць», – узгадвае спадарыня Людміла.

Ва ўпраўленні Следчага камітэту Гомельскай вобласці паведамілі, што правяранні прайшлі грунтоўна.

«Ніхто нікога не прыкрывае. Следчы камітэт гэта незалежная адзінка, якая не падпарадкоўваецца ні начальніку РУУС, ні каму іншаму. Гэта незалежнае ведамства», – даводзіць Марыя Крываногава.

Адметна, што міліцыянт Жук фігуруе ў іншай, але з падобным сцэнарам гісторыі. Жыхарка Лоева Тамара Сітко цвердзіць, што летась міліцыя затрымала ды збіла ейнага сына Мікалая. Версія міліцыі аказалася іншая.

«Следчы сказаў, што ён моцна пабіў Жука, а мне трэба ўнесці Br 10 млн для таго, каб Жук не падаў у суд, каб яго не судзілі, бо пасадзяць. Нібыта ён сарваў Жуку гальштук, спрабаваў адабраць пісталет», – распавядае Тамара Сітко, жыхарка Лоева.

«Паскардзішся, а яны прыйдуць ды надзенуць кайданкі»

І гэта далёка не апошні інцыдэнт, пра які кажуць у горадзе. Як цвердзіць настаўнік Андрэй Гаўрыленка, ён быў сведкам збівання міліцыянтамі матацыкліста. Вядома, не змог прайсці міма. Пасля таго, як вырашыў заступіцца, – пачаліся праблемы.

«Мяне выклікалі ў міліцыю. Там сказалі: вы Андрэй Маркавіч лаяліся (хаця не лаяўся, я настаўнік, я не ўжываю брыдкіх словаў), зрывалі пагоны. Пасля кажуць: вы мусіце заплаціць штраф», – абураецца Андрэй Гаўрыленка.

Увесь сённяшні дзень начальнік Лоеўскай міліцыі ды ўсе ягоныя намеснікі былі недасяжныя на месцы працы. Атмасфера ж страху ў мястэчку відавочная.

«Нас яны не баяцца. Яны думаць, што мы зашуганыя, пагаворым да і ўсё. А куды я пайду скардзіцца? Няма куды. Паскардзішся, а яны прыйдуць ды надзенуць кайданкі», – тлумачыць жыхарка Лоева Людміла Крывалап.

Адкуль такое стаўленне міліцыі да людзей?

«У нас у Беларусі пануе права моцнага. Маеш уладу, сувязі і грошы – ты маеш рацыю. Кожны звычайны чалавек у крытычнай сітуацыі застаецца неабаронены», – мяркуе праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Неабароненымі застаюцца і астатнія людзі ў Лоеўскім раёне, якія і без таго лічацца самым бедным у краіне.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў