У Вільні скончыўся Другі форум свабоднай Расеі. Імпрэза сабрала шэраг знакамітых палітычных апанентаў Уладзіміра Пуціна, якія цягам трох дзён дыскутавалі пра альтэрнатывы крамлёўскаму рэжыму з мэтаю збудаваць новую краіну. Чаму ўласна не ў Расеі?
«У Расеі няма нават такой магчымасці сустракацца і абмяркоўваць. У краіне няма ніводнай пляцоўкі з такімі магчымасцямі», – падкрэсліў былы дарадца прэзідэнта Расеі Андрэй Іларыёнаў.
У цэнтры ўвагі быў шэраг актуальных пытанняў. Гэта і вынікі вераснёвых выбараў у расейскую Думу, пасля якіх давер да гэтага органу ў краіне знізіўся на 18 % да рэкордна нізкіх 22 %. І непрыхаваная варожасць Расеі да Захаду. Днямі Масква перакінула ў калінінградскі анклаў аператыўна-тактычныя ракеты «Іскандэр», якія могуць несці ядравыя боегалоўкі. Тэмы карупцыі, гаспадарчага крызісу, але галоўным было ўсё ж пытанне, што рабіць пасля «Расеі Пуціна»?
«Трэба быць гатовымі, нельга адкладваць на будучыню пытанні ладу Расеі і пытанні, якія заўсёды будуць выклікаць спрэчкі ў грамадстве: люстрацыя, формы федэратыўнага строю. Іх пажадана абмяркоўваць цяпер, ствараць ідэйны пул людзей», – заўважыў расейскі апазіцыйны палітык Гары Каспараў.
Сярод удзельнікаў форуму – знаныя расейскія журналісты Марыя Макеева, Аркадзь Бабчанка, Айдэр Муждабаеў. Былі таксама палітыкі і грамадскія дзеячы – Альфрэд Кох, Ілля Панамароў, Канстанцін Баравы – ды шэраг заходніх экспертаў і палітычных аглядальнікаў.
«Форум стаў стала дзейсным органам і гэта вельмі прыемна, бо мы збіраліся ў траўні ўвесну. Але важна, каб быў працяг і мы ад словаў перайшлі да справы і пачалі развіваць нейкія грамадзянскія інстытуты», – адзначыў Андрэй Сідзельнікаў з руху «Говорите громче».
Арганізатары плануюць зладзіць Трэці форум свабоднай Расеі ўжо навесну 2017-га года.
Ігар Кулей, «Белсат»