У Варшаве пакажуць «Добраахвотнікаў» і «Каханне па-беларуску»

video

Абедзве белстаўскія стужкі – «Каханне па-беларуску» ды «Добраахвотнікі» – распавядаюць пра барацьбу беларусаў: супраць рэпрэсіўнай сістэмы ўнутры краіны ды супарць прарасейскіх баевікоў – на Данбасе. Кінапаказ у Варшаве арганізоўвае ініцыятвы «Вольная Беларусь», тэлеканал «Белсат» ды мясцовая кавярня «Państwo Miasto».

Плануецца, што пасля кінапрагляду з гледачамі сустрэнуцца галоўныя героі стужкі «Каханне па-беларуску» Наста ды Зміцер Дашкевічы, а таксама рэжысёр «Добраахвотнікаў» Антось Цялежнікаў.

«Добраахвотнікі» (дак. фільм, рэж.Антось Цялежнікаў, 2015 г.)

«У бінокль яны бачаць руіны данецкага аэрапорту. Калі сепаратысты яго знішчылі а ўкраінцы мусілі пакінуць руіны – яны сталі першай лініяй абароны паміж Украінай і прарасейскай Данецкай Народнай Рэспублікай. Сепаратысты іх баяцца і ненавідзяць. Гэтыя людзі не належаць да афіцыйных збройных сілаў, яны не атрымліваюць зарплатаў, дзяржава іх не ўзбройвае. У першыя атакі яны хадзілі з нажамі. Аб’ядноўвае іх барацьба за вольную Украіну. Героі фільму – байцы Дабраахвотніцкага Украінскага Корпусу «Правы Сектар».

Для адных яны незаконнае ўзброенае фармаванне, для іншых – героі Украіны. На самой справе яны вельмі розныя людзі, у большасці расейскамоўныя і далёкія ад палітыкі. Сярод іх ёсць і беларусы. Пад абстрэламі, рызыкуючы жыццём на лініі фронту, аўтар – беларускі дакументаліст працаваў месяц каб паказаць сапраўдны твар абаронцаў вёскі Пескі»

«Каханне па-беларуску» (дак. фільм, рэж. Андрэй Куціла, Вячаслаў Ракіцкі, 2013 г.)

«Каханне па-беларуску для Насты Палажанкі ды Змітра Дашкевіча – гэта каханне праз турэмныя краты. Пасля пратэстаў у снежні 2010 г. іх пасадзілі ў турмы. Наста пасля адсідкі ў следчым ізалятары КДБ атрымала 1 год умоўна, а Змітра кінулі за краты на 2 гады.

У турме Наста і Зміцер пабраліся шлюбам, і Наста змяніла прозвішча на Дашкевіч. У жніўні 2013 г. хлопец выйшаў на волю. Праз краты маладзёны напісалі адно аднаму тысячы лістоў, якія распавядуць нам, што адчуваюць беларусы, якія пакахалі ў часе дыктатуры».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары