У Расеі звольнілі суддзю, які спаў падчас паседжання


Кваліфікацыйная калегія суддзяў адзінагалосна пазбавіла паўнамоцтваў і кваліфікацыі суддзю Бірабіджанскага раённага суду за шматлікія грубыя парушэнні сваіх абавязкаў. Пра гэта паведамляецца на сайце калегіі.

Па дадзеных камісіі, найбольш частымі парушэннямі дзейнасці суддзі з’яўляліся парушэнне права на абарону абвінавачаных, неадпаведнасць высноваў суду фактычным абставінам справы, даследаваным у судовым пасяджэнні доказам, пакіданне без ацэнкі абставінаў, якія маглі істотна паўплываць на высновы, адсутнасць матываванага абгрунтавання рашэння, невыкананне працэдуры дазволу хадайніцтваў, некаторыя судовыя прысуды былі заснаваныя на доказах, якія не былі даследаваныя падчас судовага паседжання.

У рашэнні кваліфікацыйнай камісіі таксама апісаны выпадак, што падчас паседжання, калі разглядалася крымінальная справа, суддзя папросту вырашыў паспаць. Трэба адзначыць, што пасля прысуд быў абскарджаны. Акрамя гэтага, суддзя згубіў пячатку, ключы ад свайго кабінету і сейфу.

Усе парушэнні ён прызнаў, але, нягледзячы на гэта, яму ўсё ж такі прыйдзецца шукаць новую працу.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі расейскіх суддзяў ловяць на сне падчас паседжанняў. У 2013 годзе ў інтэрнэце з’явілася відэа, на якім бачна, што суддзя Благавешчанскага гарадскога суду Яўген Махно спіць, а суд ідзе. Пазней Махно падаў заяву на звальненне.

Таксама на YouTube у 2012 годзе было размешчанае яшчэ адно відэа, дзе спіць суддзя.

«Гэты бязмежны суд адбыўся ў г. Мцэнск Арлоўскай вобласці. Суддзя Кофанов В.Г. спаў на паседжаннях. Асудзіў чалавека на 7 гадоў за даўгі, ад якіх ён не хаваўся і вялікую частку выплаціў, але суд ігнараваў гэты бясспрэчны факт», – напісана ў апісанні да відэа.

Ці быў суддзя пакараны за гэта – невядома. Але яшчэ ў 2015 годзе ён выносіў чарговыя прысуды.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары