У расейскай сталіцы стартавалі выбары прэзідэнта, ва ўсходніх рэгіёнах Расеі галасаванне ўжо амаль скончылася.
На вышэйшую дзяржаўную пасаду прэтэндуюць восем кандыдатаў. Сярод іх дзейны прэзідэнт Уладзімір Пуцін, а таксама прадстаўнікі сямі палітычных партый: Сяргей Бабурын (партыя «Российский общенародный союз»), Павел Грудинин (КПРФ), Уладзімір Жырыноўскі (ЛДПР), Ксенія Сабчак («Гражданская инициатива»), Максім Сурайкин («Коммунисты России»), Барыс Цітоў (Партия роста) і Грыгорый Яўлінскі (« Яблоко»).
Паводле Цэнтрвыбаркаму Расеі, для галасавання ў краіне адчынена каля 97 тыс. участкаў. Акрамя таго, амаль 400 выбарчых участкаў створана ў іншых дзяржавах для расейцаў, якія па тых ці іншых прычынах апынуліся за межамі краіны.
У Беларусі для галасаванне на выбарах прэзідэнта Расеі выбарчыя ўчасткі адкрытыя ў 13 гарадах. Грамадзяне Расеі могуць прагаласаваць у Менску і ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама Бабруйску, Барысаве, Баранавічах, Полацку, Воршы і Астраўцы. Акрамя таго, галасаванне праходзіць у Клецку на тэрыторыі раскватараванай тут расейскай вайсковай часткі.
Першыя вынікі галасавання, а таксама дадзеныя exit poll абвесцяць а 21-ай гадзіне паводле маскоўскага часу, пасля таго як зачыняцца выбарчыя ўчасткі ў самым заходнім расейскім рэгіёне – у Калінінградскай вобласці. У цэлым па краіне папярэднія вынікі галасавання ЦВК Расеі апублікуе раніцай 19 сакавіка.
НМ, belsat.eu, паводле БелТА