У Расеі аўтобус зваліўся ў Чорнае мора. Шмат загінулых


Трагедыя здарылася ў пасёлку Вална на Кубані. 25 жніўня аўтобус зваліўся з 4-метровай вышыні недабудаванага пірса ў ваду. Унутры знаходзіліся больш 40 чалавек.

Паводле апошняй інфармацыі, 18 загінулі, 24 выратавалі. 8 асобаў шпіталізавалі ў мясцовы шпіталь. У пацярпелых пераважна траўмы рэбраў, рук, ног, страсенні.

У аўтобусе знаходзіліся супрацоўнікі кампаніі «Таманьнефтегаз». Рабочыя ехалі на вахту па будаўніцтве пірса.

Транспартны сродак пры дапамозе крана паднялі на бераг.

Цяпер праводзяць пошукавыя працы. На месца прыбылі мясцовыя ўлады і прадстаўнікі аператыўных службаў. Тут працуюць больш за 80 ратавальнікаў і 27 адзінак тэхнікі.

Спачатку асноўнай версіяй трагедыі лічылі парушэнне правілаў дарожнага руху. Пазней высветлілася, што пры спуску да прычала ў аўтобуса не спрацаваў тормаз. Пасля гэтага аўтобус выехаў на пірс і праз 300-400 метраў перакуліўся ў мора.

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за парушэнне ПДД і аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў