Расейскія ўлады адмаўляюць існаванне так званай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера», якая ваявала ў Сірыі і на ўкраінскім Данбасе, абараняючы інтарэсы Масквы.
Напрыканцы мінулага месяца на ўсходзе РФ адбыўся першы суд, на якім разглядалася справа кампенсацыі за забітага «вагнераўца».
За кожнага забітага ў Сірыі сямʼя расейскага найміта атрымлівае 5 мільёнаў расейскіх рублёў (каля $ 80 000). Менавіта такую суму атрымала ўдава Андрэя Літвінава – Святлана.
Яна заяўляе, што муж загінуў «збіраючы ў Сірыі клубніцы». Арганізацыю, пад крылом якой муж «збіраў клубніцы», як кажа Святлана, яна не ведае, хоць тры разы атрымлівала заробак за мужа.
Бацькі Андрэя адкрыта распавядаюць, што іхны сын паехаў ваяваць, маючы досвед вайны ў Чачэніі, бо «хацелася хлеў паставіць і машыну новую».
У траўні 2017 года Літвінаў паехаў на трэніровачную базу прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнера» у Краснадарскім краі. У канцы месяца ён адаслаў жонцы дахаты пярсцёнак, працоўную кніжку, пасведчанне кіроўцы і іншыя дакументы, якія б у Сірыі не былі патрэбныя.
Акрамя рэгулярных расейскіх войскаў, якія падтрымліваюць сілы Башара Асада, у Сірыі дзейнічаюць падраздзяленні так званай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера» – фармальна «добраахвотніцкія» структуры, якія, аднак, трэнуюцца на палігонах Міністэрства абароны Расеі і ўжо былі заўважаныя падчас дзеянняў супраць Украіны на Данбасе.
З 2015 года, калі вайна на Данбасе стала пазіцыйнай, а Расея ўвязалася ў новую вонкавапалітычную авантуру ў Сірыі, «вагнераўцаў» сталі накіроўваць на Бліжні Усход, а таксама сярод данбаскіх баевікоў пачалася вербаванне новых наймітаў.
Справа ў тым, што Расея хоча паказаць уласнаму насельніцтву прапагандысцкі малюнак вайны «малой крывёй на чужой тэрыторыі». Адпаведна для наземных баёў, у якіх антыасадаўскія баевікі могуць аказаць сапраўдны супраціў, выкарыстоўваюцца найміты, а не жаўнеры рэгулярнага войска.
У ліпені 2018 года зʼявіліся паведамленні, што ў Сірыі дзейнічае яшчэ адна расейская прыватная вайсковая кампанія (ПВК).
Андрэй Літвінаў загінуў 28 верасня 2017 года ў баі каля гораду Таіс у сірыйскай правінцыі Хомс. Паводле бацькоў, у даведцы пра смерць было пазначана прычына «абвугліванне цела». Аналагічныя даведкі атрымлівалі сваякі іншых байцоў «Вагнера» у Сірыі.
Пазней паведамлялася яшчэ пра некалькі выпадаў, калі «вагнераўцы» неслі цяжкія страты ў баях у Сірыі.
Колішні кіраўнік антыўкраінскіх баевікоў на Данбасе Ігар Стралкоў адзначае, што кампанія «Вагнера» ваявала супраць украінскай арміі пад Дэбальцава ў пачатку 2015 года, а потым стала гарматным мясам у Сірыі: «менавіта нашыя «прыватнікі» (разам з «Хезбалой»), якія нясуць немалыя страты, дабіваюць рэшткі анклаваў на мяжы з Іярданіяй і Галанскімі вышынямі. Па сутнасці, менавіта на гэтую ПВК… выпала асноўная нагрузка ў гэтай вайне. І дакладна – ільвіная частка стратаў».
Пакуль не прайшло 40 дзён са смерці сына, пытанне пра грошы ў сямʼі не падымалася, а потым бацькі загінулага байца прыйшлі да ўдавы і папрасілі даць ім адзін мільён з ліку кампенсацыйных пяці.
«Вы ўжо старыя, вам жыць засталося мала, навошта вам грошы», – адказала, як распавядаюць бацькі, Святлана. Пяць мільёнаў расейскіх рублёў – вельмі вялікая сума для Чэлябінскай вобласці.
У красавіку 2018 года Надзея і Віктар Літвінавы падалі іск з патрабаваннем уключыць гэтыя 5 мільёнаў у агульную спадчынную масу, якая падлягае дзяленню паміж спадкаемцамі загінулага.
Брат загінулага Аляксандр, распавядаў у судзе, што сам ездзіў на базу наймітаў: «Я сам ездзіў туды, дзе мой брат афармляўся на працу. На базу камандас ГРУ (Галоўнага разведвальнага ўпраўлення) Міністэрства абароны ў Молькіна пад відам, што таксама хачу завербавацца». На гэтым месце суддзя перарваў яго.
Суд не прызнаў існавання ПВК «Вагнера» і адмовіў бацькам найміта.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu