У Полацку абураныя прадпрымальнікі зладзілі страйк


Прадпрымальнікаў абурылі штодзённыя праверкі і штрафы.

Больш за 500 прадпрымальнікаў Полацкага рынку распачалі страйк у адказ на масавыя правяранні падаткавікоў і аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Адна з прадпрымальніц кажа, што правяранні пачаліся пасля выбараў – 13 кастрычніка. Паводле яе, штодня правяраюць па шэсць прадпрымальнікаў, рэгулярна штрафуюць.

«Ужо былі канфіскацыі з-за накладных на дзіцячую вопратку», – адзначыла жанчына. І дадала, што раней усе дакументы задавальнялі кантралёраў.

«Людзі баяцца за свой тавар, і былі вымушаныя зачыніцца. Апоўдні гандаль павінен быць у самым разгары, а мы зачыніліся. Мы не давалі тым, хто правярае, запаўняць дакументы, прасілі выйсці з ралетаў», – распавяла прадпрымальніца, дадаўшы, што праверкі вядуцца і на суседнім рынку «Скарб».

Пасля безвыніковай сустрэчы з адміністрацыяй рынку каля 100 прадпрымальнікаў вырушылі ў гарадскую падатковую інспекцыю, запэўніўшы, што «нікога не аддадуць і нікому не дазволяць забіраць тавар».

Улады ведаюць, што на тавары з Масквы беларускім прадпрымальнікаў расейскія пастаўшчыкі не даюць сапраўдных дакументаў, кажа старшыня рэспубліканскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

«Улады пачакалі, калі пройдуць выбары, а пасля проста цынічна і нахабна, ведаючы пра праблему накладных, замест таго, каб яе вырашаць, пачалі гэтую сітуацыю выкарыстоўваць, каб папоўніць за наш кошт бюджэт», – мяркуе Анатоль Шумчанка.

На яго думку, уладам трэба было вырашаць пытанне з накладнымі, а не «закладваць эканамічную міну павольнага дзеяння».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў