У Пінску самыя заможныя кандыдаты – праўладныя


Дырэктар гімназіі за 2015 год зарабіў больш за 135 млн «старых» рублёў, а дырэктар аўтобуснага парку – больш за 219 млн.

На двух пінскіх выбарчых акругах зарэгістравалі 5 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прычым прадстаўнік Партыі БНФ Андрэй Кахнюк не прайшоў гэты этап перадвыбарчай гонкі. Апынулася, што дакументы на вылучэнне яго ад партыі аформілі няправільна, а подпісы ён не збіраў. Таму ў Пінскай сельскай выбарчай акрузе №15 за дэпутацкае крэсла будуць змагацца дырэктар мясцовага аўтобуснага парку Іван Рэбкавец і дырэктар дабрачыннага фонду «Паліэліос» Уладзімір Гарох. Абодва беспартыйныя.

wp_ss_20160812_0001

Публікацыя на сайце раённай газеты, якую пасля адрэагавалі

У Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14 сітуацыя больш цікавая. Тут прадстаўнікі апазіцыі вылучылі двух кандыдатаў. Партыя левых «Справядлівы свет» вылучыла былую кіраўнічку (цяпер пенсіянерку) аддзелу занятасці Пінскага гарвыканкаму Натальлю Маглыш, а БСДП (Грамада) накіравала «заваёўваць» Пінск брэсцкага настаўніка Віктара Кавалюка. Праўладны кандыдат у гэтай акрузе – дырэктар пінскай гімназіі №3 Ігар Колб.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі апазіцыі ў Пінску ўвогуле не збіралі подпісаў грамадзянаў, спадзеючыся на партыйнае вылучэнне, таму ў горадзе аб іх амаль ніхто не ведае. Праўладныя кандыдаты збіралі подпісы ў пікетах і падстрахаваліся вылучэннем у працоўных калектывах.

Цікава даведацца, наколькі заможныя кандыдаты ў дэпутаты.

Так па Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14 самы багаты – дырэктар гімназіі Ігар Колб. Ягоны гадавы прыбытак летась склаў каля 135 млн рублёў (недэмінаваных). Пенсіянерка Наталля Маглыш атрымала ў 2015 годзе прыкладна 55 млн старых рублёў. А берасцейскі настаўнік Віктар Кавалюк зарабіў за гэты перыяд 31млн рублёў.

І ў Пінскай сельскай выбарчай акрузе №15 больш грошай мае праўладны дырэктар аўтобуснага парку Іван Рэбкавец, які ў мінулым годзе атрымаў амаль 220 млн рублёў прыбытку, а ягоны канкурэнт – дырэктар дабрачыннага фонду Уладзімір Гарох – амаль 25 млн рублёў.

Значнай нерухомасці кандыдаты не маюць. Інфармацыя аб прыбытках кандыдатаў па Пінскай сельскай выбарчай акрузе №15 была размешчаная на сайце мясцовай «раёнкі», аднак потым знікла. Магчыма з-за таго, што там былі пазначаныя дакладныя адрасы, па якіх пражываюць кандыдаты.

Стужка навінаў