У ПАРЕ шакаваныя чарговым смяротным прысудам у Беларусі


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы асудзіла расстрэл беларуса Кірыла Казачка, асуджанага за забойства дваіх уласных дзяцей. Паводле папярэдняй інфармацыі, прысуд быў выкананы ў канцы кастрычніка 2017 года, але маці асуджанага даведалася пра гэта ад праваабаронцаў значна пазней.

«Мы зноў цвёрда выступаем супраць любога смяротнага прысуду ў Беларусі і любых пакаранняў смерцю, учыненых у гэтай краіне. Выкананне прысуду ў дачыненні да Кірыла Казачка тым больш шакуе, паколькі яно таемна адбылося ў кастрычніку 2017 года, а сваякі асуджаных былі праінфармаваныя толькі нядаўна », – гаворыцца ў сумеснай заяве генеральнага дакладчыка ПАРЕ аб адмене смяротнага пакарання Іва Крачтэна і былога дакладчыка ПАРЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.

У ПАРЕ падкрэслілі, што «смяротнае пакаранне – жорсткае і бесчалавечнае пакаранне, якое ў Еўропе больш непрымальна» і зноў заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый.

Нагадаем, у студзені 2016 года ў вёсцы Нараўчызна Мазырскага раёна мужчына задушыў дачку, а потым ударыў малатком па галаве сына. Дзяўчынцы было 9 гадоў, падлетку – 17. Паводле версіі следства, гэтак злачынец помсціў жонцы за жаданне развесціся. Мужчына быў п’яны падчас забойства. Год таму абласны суд прыгаварыў Казачка да расстрэлу. Паводле звестак праваабаронцаў, мужчына не стаў абскарджваць прысуд у Вярхоўным судзе – і яго этапавалі ў менскае СІЗА, дзе асуджаныя чакаюць расстрэлу.

На дадзены момант у Беларусі асуджаныя на смяротнае пакаранне пяцёра чалавек. Усе яны прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў – забойстваў.

Паводле беларускага заканадаўства, смяротнае пакаранне могуць прызначаць за 12 відаў злачынстваў, у тым ліку – развязванне вайны ці змову з мэтай захопу ўлады, забойства міліцыянта ці акт тэрарызму ў дачыненні да дзярждзеяча, здраду дзяржаве (спалучаную з забойствам) або генацыд. Такое пакаранне не можа быць прызначана жанчынам. А таксама тым, хто здзейсніў злачынства ва ўзросце да 18 гадоў ці ўжо старэйшыя за 65 на момант вынясення прысуду.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў