У Нарвегіі ўцекачоў адправілі на курсы сексуальнага перавыхавання


Прэтэндэнтам на прытулак у Нарвегіі тлумачаць, чаму «не значыць не».

«Яна пацалавала мяне, і гэта можна лічыць запрашэннем да сексу», – адказвае падчас дыскусіі ў аўдыторыі прэтэндэнт на статус уцекача.

Інструктар перастае ўсміхацца, разумеючы, што патрэбнае тлумачэнне.

У Нарвегіі для мігрантаў зладзілі курсы, якія маюць перадухіліць гвалт у дачыненні да жанчын, асабліва згвалтаванні, а таксама пазнаёміць са звычаямі ў краіне, якая на дзіва ліберальна ставіцца да прыезджых.

Курсы праводзяцца ўжо некалькі гадоў, асабліва актуальнымі сталі пасля навагодняга скандалу ў нямецкім Кёльне.

Журналіст Thelocal раніцай сустрэў каля дзясятка сірыйцаў і суданцаў, што прыйшлі на дыскусію.

«Ідэя гэтых курсаў – гаварыць пра рызыкоўныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць, калі справа даходзіць да згвалтаванняў і сексуальных нападаў», – тлумачыць Лінда Хаген, якая праводзіць заняткі па-нарвежску, у той час як перакладчык падае яе словы па-арабску.

У працэсе размовы закранаюцца пытанні: у чым розніца паміж каханнем і сексам, ці можа быць гвалт законным, прыкметы згоды жанчыны на секс і г.д.

Заняцца «сексуальным перавыхаваннем» уцекачоў вырашыла прыватная кампанія «Hero» – пасля серыі згвалтаванняў паміж 2009 і 2011, здзейсненых мігрантамі.

«Мы заклікаем жыхароў, і жанчын і мужчынаў, весці дыялог наконт культурных нормаў, а таксама браць на сябе адказнасць у выпадку, калі яны нешта бачаць», – кажа дырэктар «Hero» Тор Бреке.

Пасля навагодніх нападаў у Кёльне нямецкая паліцыя атрымала 766 заяваў, 497 з іх – за напады на сексуальнай глебе.

«На маю думку, гэта не людзі, тыя, хто гэта зрабіў. Яны жывёлы. Яны хворыя», – каментуе кёльнскія падзеі 42-гадовы сірыец Сулейман Адэль, наведнік курсаў у Нарвегіі.

Яго калегі таксама асуджаюць гвалтаўнікоў і, спадзяюцца, што ўлады Нямеччыны выганяць правапарушальнікаў з краіны.

НМ, belsat.eu, паводле TheLocal

Стужка навінаў