У Менску пашырыцца зона платных парковак


Апроч таго, сталічныя ўлады хочуць закрыць для машынаў двары ў цэнтры.

«У Менску няма праблем з паркоўкамі, у Менску ёсць праблема з паркоўкамі каля дамоў. І гэтую праблему мы ніколі не вырашым. Немагчыма пабудаваць паркоўкі ў кожнага падʼезда», – заявіў на прэс-канферэнцыі старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац.

Чыноўнік таксама адзначыў, што сёння паркоўкі і паркінгі, якія мелі разгрузіць цэнтр гораду, амаль не запатрабаваныя:

«З 200 месцаў на перахопліваючых паркоўках занятыя 10, прычым кошт за светлавы дзень можна параўнаць з коштам талончыку ў грамадскім транспарце. Меркавалася, што чалавек прыязджае на паркоўку, ставіць аўтамабіль і едзе на працу на метро. Але не: трэба заехаць адразу да працы, а лепш прама пад вокны».

«Паступова мы будзем пашыраць цэнтр гораду ды рабіць паркоўкі платнымі. І такім чынам мы паспрабуем прыбраць машыны з цэнтру. Паралельна будзем вырашаць, якім чынам закрыць двары для паркоўкі ў такой колькасці. Але гэта хутка не зробіш. Трэба вырашыць мноства праўных пытанняў. Але трэба яшчэ змяняць свядомасць, псіхалогію, а гэта хутка не робіцца», – адзначыў менскі мэр.

Паводле ягонай думкі, у Менску дастаткова паркінгаў. «Сёння іх нават перарабляюць пад офісы, картынг, бо яны не запатрабаваныя ў аўтааматараў», – падкрэсліў Шорац.

ДД, belsat.eu; фота: blizko.by

Глядзі таксама
Каментары