У Менску людзей заахвочвалі быць беларусамі

photo

Актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» правялі ў цэнтры беларускай сталіцы акцыю «Будзем беларусамі!».

У раёне Нямігі быў арганізаваны пікет, дзе мінакам раздаваліся стужкі з беларускім арнаментам, а таксама ўлёткі з інфармацыяй пра яго значэнне. Актывісты заклікалі мінакоў пазначаць сваю беларускасць з дапамогай адпаведных стужак на вопратцы, торбах і заплечніках. Найбольш адважным мінакам давалі бел-чырвона-белыя стужкі.

Глядзіце яшчэ >>> Партрэты Сталіна ў Менску. Камуністы адзначылі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі

«У чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі мы вырашылі заклікаць наша грамадства не кланяцца камуністычным тыранам, а быць беларусамі, якія шануюць сваю нацыянальную старажытную гісторыю і традыцыі, ганарацца мовай і культурай. Стужка – гэта персанальны патрыятычны адказ усім рэжымам, гэта павага нашых народных традыцый, любоў да сваёй Радзімы», – скаментаваў ідэю акцыі лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан.

Распаўсюд улётак з стужкамі прайшоў без эксцэсаў і выклікаў цікавасць сярод мінакоў, падае сайт alternativaby.com.

«Акцыя прайшла паспяхова, энергічна і пазітыўна. Шмат якія мінакі ахвотна ўпрыгожвалі сябе атрыманымі стужкамі, адказвалі нам на беларускай мове, асобныя нават дзякавалі за такі арганізаваны сюрпрыз у цэнтры Менску. На тварах людзей з’яўляліся ўсмешкі», – адзначыў Алег Корбан.

МЯ, паводле alternativaby.com

Глядзі таксама
Каментары