У Менску будуюць паркоўку для таямнічых асобаў


У менскім мікрараёне Паўднёвы Захад, на скрыжаванні праспектаў Газеты «Звязда» і Любімава, на месцы парку да канца верасня абяцаюць пабудаваць паркоўку. Здавалася б, развіццё інфраструктуры – і мясцовыя жыхары маюць толькі вітаць такі крок, але на практыцы зусім іншая сітуацыя.

Паркоўку на 39 месцаў пачалі будаваць два тыдні таму. У мясцовай адміністрацыі кажуць, што кожны з гэтых 39-ці аўтаўладальнікаў заплаціў за месца 15 мільёнаў рублёў. Хто заплаціў гэтыя грошы, у адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы не кажуць. Больш за тое, у прыватных размовах запалохваюць жыхароў.

МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:

«Па сутнасці ўся сустрэча звялася да пагрозаў з боку спадара Суслянкова: калі, маўляў, будзеце пярэчыць, я выклікаю АМАП і міліцыю і ваша «зборышча» будзе разагнанае».

Абураныя планамі мясцовае адміністрацыі жыхары сабралі ўжо каля сотні подпісаў супраць будоўлі. Пачалі пісаць лісты адразу ва ўсе дзяржструктуры: Менгарвыканкам, Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю прэзідэнта. У выніку атрымалі адказ, грамадскія слуханні ў пытанні паркоўкі прайшлі два гады таму. Жыхары сцвярджаюць, што гэта няпраўда.

У таварыстве «Зялёная сетка», якое мае досвед працы з незаконнай будоўляй у сталіцы, «Белсату» патлумачылі: жыхарам з праспекту Любімава спачатку трэба даказаць, што ніякіх грамадскіх слуханняў не было. У такім выпадку будоўлю можна будзе спыніць, і такія прыклады ў Менску былі.

МАРЫНА ДУБІНА, КААРДЫНАТАРКА ТАВАРЫСТВА «ЗЯЛЁНАЯ СЕТКА»:

«Часам жыхары перамагалі, яны збіралі подпісы і вывучалі, наколькі праектная дакументацыя адпавядае заканадаўству».

Але пакуль замест праектнай дакументацыі жыхары маюць толькі чуткі ды пагрозы. Нягледзячы на запэўніванні адміністрацыі ў грамадскім статусе паркоўкі, жыхары баяцца, што неўзабаве гэтая забудова стане прыватнай.

АН, «Белсат»

Стужка навінаў