У Маскве зняпраўдзілі інфармацыю СМІ пра спыненне крэдытавання Беларусі


Міністэрства фінансаў РФ. Фота - "Известия"/Міхаіл Цярэшчанка

Міністэрства фінансаў РФ зняпраўдзіла інфармацыю аб прыпыненні крэдытавання Беларусі, заявіўшы аб падрыхтоўцы дакументаў для новага фінансавага крэдыту і чарговых траншаў крэдыту па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР).

«Інфармацыя аб прыпыненні Расейскай Федэрацыяй крэдытавання Беларусі не адпавядае рэчаіснасці. Так, згодна з наяўнымі дамоўленасцямі, фінансуюцца расходы, звязаныя з выкарыстаннем рэспублікай сродкаў дзяржаўнага экспартнага крэдыту, прадастаўленага на збудаванне АЭС. Пачалася і актыўна вядзецца падрыхтоўка дакументаў, неабходных для прадастаўлення новага фінансавага крэдыту, а таксама траншаў крэдыту, прадастаўленага па лініі ЕФСР», – адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Мінфіна РФ, піша «Інтэрфакс-Захад».

Раней агенцтва Reuters паведаміла, што Расея прыпыніла прадастаўленне крэдытаў Менску і мае намер абмежаваць бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу ў Беларусь з чацвёртага квартала 2018 года. Агенцтва спасылалася ў сваім артыкуле на дакументы, копіі якіх мае рэдакцыя – у прыватнасці, тлумачальную запіску да пратаколу змяненняў міжурадавай дамовы намесніка старшыні Белнафтахіма Андрэя Рыбакова.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары