У Маскве выдалі інфармацыю пра «сакрэтную статыстыку» Белстату

video

Стратных дзяржаўных прадпрыемстваў за апошнія чатыры гады зрабілася ў пяць разоў больш – вынікае з афіцыйнай статыстыкі. Калі ў 2012 годзе іх было толькі 5 %, то ў першым квартале сёлета – больш за чвэрць. У выніку дзяржсектар быў вымушаны звольніць кожнага дзясятага працаўніка.

Аднак зарэгістраваных беспрацоўных з 2012 года паболела ўсяго на 20 тысячаў чалавек. Гэта – у 10 разоў менш, чымся, паводле таго ж Белстату, было звольнена з дзяржаўных прадпрыемстваў. У сакавіку сёлета афіцыйны ўзровень беспрацоўя склаў адну цэлую і дзве дзясятыя адсотка.

«З нядаўняга часу працую неафіцыйна. Афіцыйна ўладкавацца не магу ўжо каля года. Таму ня веру я ў такія лічбы», – кажа жыхар Магілёву.

«Лічбы заніжаныя, беспрацоўных мінімум 30 %, усё развальваецца!», – упэўнены мінак.

«Калі ўжо на стаўку дворніка чарга, ну дык аб чым можна яшчэ гаварыць, прычым маладых людзей», – зазначае мужчына.

Аналітыкі: беспрацоўныя губляюць надзею, ідуць у крымінал

Для ўласнага карыстання Нацыянальны статыстычны камітэт праводзіць і больш рэалістычную ацэнку беспрацоўя – паводле апытання хатніх гаспадарак. Вынікі гэтага апытання для грамадзкасці засакрэчаныя, але нашаму тэлеканалу ўдалося даведацца іх у Еўразійскім банку развіцця, які, у сваю чаргу, атрымаў свежыя лічбы ад афіцыйнага Менску.

«Афіцыйныя звесткі – каля 1 %, гэта толькі зарэгістраванае беспрацоўе. Звесткі Белстату аб схаваным беспрацоўі за 2015 год – 5–6 %», – інфармуе Алішэр Мірзоеў, кіраўнік стабілізацыйнай праграмы ЕФСР для Беларусі.

Паводле Алішэра Мірзоева – прадстаўніка Еўразійскага фонду стабілізацыі ды развіцця, які кіруе праграмаю рэформаў, звязаных з выдадзеным Менску крэдытам, – сёлета звальненні могуць пашырыцца, бо, паводле ацэнкі ягонай каманды, кожны пяты працаўнік на дзяржпрадпрыемствах – усё яшчэ лішні.

«Мы не кажам, што беспрацоўе павялічыцца на 20 %, але ў пэўны момант яно, магчыма, складзе 10 %», – дадае Алішэр Мірзоеў.

Як паведаміў нашаму тэлеканалу прадстаўнік Еўразійскага фонду стабілізацыі ды развіцця, улады паабяцалі падняць дапамогу беспрацоўным з Br 420 тысячаў на месяц да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту, які на сённяшні дзень складае Br 3,5 мільёны. Але незалежныя прафсаюзы асцерагаюцца, што новую працу звольненыя работнікі ня змогуць знайсці ані праз тыя паўгода, цягам якіх дзяржава абяцае іх падтрымліваць.

«Ці мы мяняем курс краіны, робім эканамічныя рэформы, мабыць яны будуць і цяжкімі. А так – таўчыся на месцы і з пустога ў парожняе пераліваць, што зараз робіцца, выйсця для працоўнага люду, для краіны, я не бачу», – мяркуе Генадзь Фядыніч з свабоднага прафсаюзу РЭП.

Адмыслоўцы Еўразійскага фонду стабілізацыі ды развіцця сцвярджаюць, што ў выпадку паслядоўных рынкавых рэформаў замест скарочаных неэфектыўных працоўных месцаў у дзяржаўным сектары з’явяцца эфектыўныя вакансіі ў прыватным. Незалежныя прафсаюзы, аднак, выказваюць сумнеў, што існыя ўлады гатовыя і здольныя ажыццявіць неабходныя змены.

Папярэдняя праграма з Еўразійскім фондам стабілізацыі ды развіцця не была завершаная з прычыны невыканання Менскам сваіх абяцанняў у справе рэфармавання эканомікі. На сённяшні дзень згаданых рэформаў незалежныя адмыслоўцы таксама не назіраюць.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – Уладзімір Машацін

Глядзі таксама
Каментары