У Іспаніі 120 чалавек збеглі з рэстарану не заплаціўшы


Уладальнік кажа, што акцыя выглядала як запланаваная.

120 чалавек святкавалі хрэсьбіны ў рэстаране El Carmen у горадзе Бэмбібрэ ў паўночна-заходняй Іспаніі. Кампанія ўнесла дэпазіт у памеры 900 еўраў, і пакінула рэстаран перад тым, як павінен быў быць пададзены дэсерт.

«Гэта здарылася цягам хвіліны, – сказаў журналістам уладальнік рэстарану Антоніа Радрыгес, – Было бачна, што акцыю яны запланавалі – госці збягалі ў паніцы».

Рэстаратар дадае, што наведнікі засталіся вінныя заплаціць 2000 еўраў. Ён даў паліцыі ўсю інфармацыю пра гэтую рэзервацыю, але не мае вялікіх спадзяванняў, што грошы ўдасца вярнуць.

Паліцыя ў інтэрв’ю газеце El Pais паліцыя заяўляе, што да гэтага часу ім не ўдалося звязацца з ніводным з тых, хто абедаў у El Carmen. Праваахоўнікі заяўляюць, што група людзей была не іспанскага паходжання.

Уладальнік кажа, што не бачыў нічога падобнага за 35 гадоў працы ў рэстаране.

Госці з’елі закускі, асноўныя стравы і выпілі 30 бутэлек розных алкагольных напояў.

ДД паводле BBC

Стужка навінаў