У гарадзенскай кірсе ўпершыню за 200 гадоў узяў шлюб пастар

video

У адрозненне ад каталікоў ды праваслаўных, у лютэранаў вянчанне не лічыцца тайніцаю. Гэта проста прылюднае вызнанне еднасці пары, за якую ў гэты момант моляцца ўсе прысутныя ў святыні.

Для гарадзенскай лютэранскай кірхі – адзінай дзейнай у Беларусі – гэта першае вяселле пастара. Бо З 1793 года, калі ў лютэранаў тут з’явіўся дом малітвы, усе пастары, якіх было восем, прыязджалі ўжо жанатымі людзьмі. Уладзімір Татарнікаў, дзявяты пастар, упершыню бярэ тут шлюб.

Вянчаў маладых лютэранскі архіепіскап з Масквы Дзмітрый Браўн. Візіт святара такога ўзроўню, са словаў Татарнікава, вялікі гонар для гораду і для яго асабіста.

Абранніца пастара Уладзіміра – лекарка. Паводле веравызнання – праваслаўная. Жонка пастара ў лютэранскай традыцыі не мае нейкіх надзвычайных абавязкаў, у адрозненне ад, прыкладам, праваслаўнай «матушкі», але, са словаў Татарнікава, вядома, будзе дапамагаць і прымаць удзел у жыцці царквы.
Строі ў маладых традыцыйныя – белая сукенка ў нявесты і класічны гарнітур у маладога.

«Шмат клопату было з размяшчэннем гасцей, – адзначае пастар, – людзі да нас прыехалі з Іркуцку, Камчаткі, Ізраілю… Сам я з Віцебшчыны, як і мае сваякі, нявеста – з Берасцейшчыны. Усіх трэба размясціць, паклапаціцца. Добра, што ёсць сябры, якіх займеў тут за пяць год – яны вельмі дапамагаюць ува ўсіх пытаннях: хто транспартам, хто ўпрыгожваннем залы».

Абрад вянчання суправаджаў прывезены з Нямеччыны, замест страчанага, арган, на якім граў вядомы гарадзенскі музыка Аляксей Пятроў.

Пастар, на час служэння якога акурат прыпала адраджэнне і адбудова кірхі, будзе далей займацца «царкоўнымі справамі», ягоная жонка – працягваць навучацца ў інтэрнатуры ў Берасці.

АК, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары