У Еўрапарламенце заклікаюць байкатаваць ЧС-2018 у Расеі


Фота - eurosport.ru

Дэпутат Еўрапарламенту ад партыі «зялёных» Рэбека Хармс заклікала палітыкаў і звычайных заўзятараў байкатаваць чэмпіянат свету па футболе ў Расеі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю Neue Osnabrücker Zeitung 2 снежня.

Па словах Хармс, Расея – не тая краіна, у якой стаіць праводзіць падобны турнір. Палітык адзначыла, што расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну «дастанецца занадта шмат увагі» дзякуючы сусветнаму першынству.

«Ён купаецца ў промнях славы ў прысутнасці замежных гасцей і працягвае праводзіць сваю антыдэмакратычную палітыку», – дадала Хармс і нагадала аб умяшанні Расеі ў справы Украіны і Сірыі. Таксама яна раскрытыкавала стаўленне ў Расеі да апазіцыі і меншасцяў.

Реббека Хармс назвала «ўзорным» ўчынак былога прэзідэнта Нямеччыны Ёахіма Гаўка, які адмовіўся наведаць зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы ў 2014 годзе.

Чэмпіянат свету па футболе пройдзе ў Расеі 14 чэрвеня – 15 ліпеня 2018 года. 32 каманды будуць гуляць на 12 стадыёнах у 11 гарадах.

ІІ, belsat.eu, паводле DW

Глядзі таксама
Каментары