У пункце мытнага афармлення «Берасце-Цэнтральнае» працаўнікі берасцейскай мытні сканфіскавалі буйную суму валюты, якую грамадзяне ўвозілі ў Беларусь з парушэннем парадку перамяшчэння наяўных грашовых сродкаў цераз мяжу.
Як паведамілі ў прэс-групе мытні, 44-гадовы і 33-гадовы жыхары беларускай сталіцы ехалі ў адным купэ цягніка «Варшава – Менск» і заявілі супрацоўнікам мытні аб адсутнасці тавараў для асабістага карыстання, у тым ліку наяўных грашовых сродкаў, якія падлягаюць дэклараванню.
Мытнікі вырашылі правесці дагляд багажу. У дарожных сумках знайшлі незадэклараваную валюту. У 44-гадовага менчука было пры сабе звыш 150 тыс. еўра, а 33-гадовы спрабаваў незаконна перамясціць цераз мытную мяжу 119 тыс. еўра.
Паводле закандаўства, праз мяжу без дэкларавання можна правозіць не больш за 10 тысяч долараў ЗША. Усё, што больш нормы – сканфіскоўваюць.
БелаПАН