У Брытаніі выйшаў апошні папяровы нумар The Independent


Андрэас Сміт у атачэнні супрацоўнікаў рэдакцыі трымае першы нумар The Independent . Кастрычнік 1986 года.

З панядзелка газета сямʼі Лебедзевых – толькі онлайн.

Пра рашэнне перастаць выдаваць газету на паперы Лебедзевы заявілі шэсць тыдняў таму.

«Гэта адзін з самых захапляльных момантаў у гісторыі журналістыкі. Новыя прылады, новыя рынкі, новыя бізнес-мадэлі і новыя аўдыторыі, якія спажываюць тоны інфармацыі – калісьці гэта немагчыма было ўявіць. Лічбавыя тэхналогіі робяць гэта магчымым, як ніколі раней. Падтрыманне стандартаў сусветнага ўзроўню і высокіх вартасцяў – цяжкая праца, але яна выканальная. У такіх умовах The Independent становіцца глабальнай, лічбавай – і больш выгоднай», – звярнуўся да чытачоў сын расейскага алігарха Аляксандра Лебедзева, Яўген, у суботнім, «калекцыйным», нумары.

The Independent – адзін з наймаладзейшых штодзённікаў у Вялікай Брытаніі. Газета паўстала ў 1986 годзе, трымаецца цэнтрысцкіх поглядаў, гуляючы на полі паміж левай The Guardian і кансерватыўнай The Times.

Першапачаткова друкавалася ў фармаце broadsheet (як «Народная Воля»), з 2003 года – у «таблоідным» фармаце – звычайным для большасці беларускіх газетаў.

У 2010-ым The Independent набыў Аляксандр Лебедзеў, адзін з уладальнікаў расейскай «Новай газеты».

У сваім звароце да чытачоў рэдакцыя абяцае і далей весці вайну з крывадушнасцю, невуцтвам, тыраніяй, беднасцю, клішэ і падманам – толькі цяпер онлайн.

ДД

Глядзі таксама
Каментары