У Берасці вынайшлі прычыну распачаць высечку дрэваў


Камунальныя службы Берасця зішчаюць здаровыя дрэвы ў мікрараёне Усход.

У берасцейскай арганізацыі «Гарадскі Ляснічы» бʼюць трывогу: камунальныя службы знішчаюць здаровыя дрэвы. Прадстаўніца грамадскай арганізацыі Алена Штык-Бажко кажа, што за апошні месяц у Берасці было спілавана некалькі дзясяткаў дрэваў.

Падставаю для высечкі камунальнікі называюць нядаўні ўраган у Маскве. Дрэвы, якія гадамі не ўяўлялі пагрозы, раптам вырашана спілаваць. Да экаабаронцаў даходзяць паведамленні, што выпадкі высечкі здаровых дрэваў здараюцца ў розных раёнах Берасця, у прыватнасці, у раёне «Усход», «Рэчыца» ды ў цэнтры гораду.

Камунальныя службы Берасця зішчаюць здаровыя дрэвы ў мікрараёне Усход.

Гэтак 6 чэрвеня работнікі «Камунальніка» спілавалі некалькі здаровых дрэваў у мікрараёне «Усход». Знішчаныя бяроза і клён, што раслі ў адным з двароў больш за трыццаць гадоў, а наўзамен нічога не высадзілі. Мясцовыя жыхары спрабавалі абараніць дрэвы, але не атрымалася – камунальнікі спілавалі расліны, ды патлумачылі, што гэта трэба дзеля бяспекі.

Пры гэтым прадстаўнікі камунальных службаў паводзілі сябе агрэсіўна і спрабавалі вырваць камеру ў журналіста «Белсату», адмовіліся прадставіцца і заявілі, што прадстаўляюць арганізацыю «Рогі і Капыты».

Працаўнік Камунальніку паліць пад час спілавання дрэваў. Камунальныя службы Берасця зішчаюць здаровыя дрэвы ў мікрараёне Усход.

Паводле Пастановы Савету Міністраў №1020 ад 14 снежня цяпер для выдалення дрэў, якія прызнаныя небяспечнымі, не патрэбны дазвол выканкаму. Эколагі кажуць, што цяпер складана будзе спыніць высечку дрэваў, паколькі службы адказныя за дадзены кірунак дзейнасці не праводзяць належным чынам рэвізію, у якім стане знаходзіцца дрэва. У выніку разам з аварыйнымі дрэвамі знішчаюцца і цалкам здаровыя.

«У рабочых якія спрабуюць спілаваць дрэвы ў вашым двары павінны быць заключэнне аб стане дрэва, дазвол на яго спілаванне. Калі рабочыя не паказваюць вам дакументы – тэлефануйце ў міліцыю. Гэта можа дазволіць выйграць час і захаваць дрэвы», – раіць Алена Штык-Бажко.

Факты масавага высякання дрэваў былі зафіксаваныя ў Берасці летась улетку і ўвосень. Паводле разлікаў экаабаронцаў, за гэты час горад страціў каля 300 дрэваў.

«Вядома, бываюць выпадкі, калі ў горадзе спілоўваюць здаровыя дрэвы. Бо выдаляць іх дазволена не толькі з прычыны аварыйнага стану і пагрозы людзям. Па законе дрэвы таксама можна секчы ў сувязі з будаўніцтвам дому або паркоўкі, калі праектнай дакументацыяй зацверджана выдаленне дрэваў на гэтай тэрыторыі. Ссекчы дрэва ў двары можа, калі жыхары будуць скардзіцца, што дрэва не дае паступаць святлу ў кватэры. Паводле закону «Аб раслінным свеце» (арт.37) выдаленне абʼектаў расліннага свету ў населеных пунктах дапускаецца толькі ў выпадку, калі немагчымыя іх перасадка. Дарослыя дрэвы цяпер таксама перасаджваюць. Грамадскія абмеркавання не прадугледжаныя, калі дазвол на выдаленне дрэваў выдадзены праз аварыйны стан дрэва, а таксама калі яно перашкаджае эксплуатацыі інжынерных камунікацый або парушае асветленасць будынкаў. Але нават у гэтых выпадках грамадскасці павінны паведаміць аб рубцы не пазней, чым за тры каляндарных дні». – гаворыць экаактывістка Надзея Дубоўская.

СА, belsat.eu

Фота аўтара

Глядзі таксама
Каментары