Суд Берасця пачаў тыдзень са звядзення рахункаў (дадалося відэа)


За зачыненымі дзвярыма працягваюць судзіць берасцейскіх анархістаў, якія ўчора фактычна ўзначалілі марш недармаедаў у горадзе. Ва ўмовах нібыта лібералізацыі і пацяплення стасункаў з Захадам, падрыхтоўка (у выглядзе прэвентыўных затрыманняў) і рэакцыя ўладаў на мітынг у Берасці аказалася асабліва жорсткай. Але пратэстную эстафету неўзабаве перахопліваюць іншыя гарады.

Суд Ленінскага раёну Берасця пачаў тыдзень са звядзення рахункаў з тымі, хто ўзяў на сябе смеласць выйсці на пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ў Беларусі.

Андрэя Шарэнду затрымалі яшчэ ў пятніцу

Выходныя актывіст правёў у ізалятары мясцовага РАУСу. Сёння ж удзельніка пратэстаў 26-га лютага пакаралі штрафам памерам Br 575 рублёў.

«Трое содняў я правёў у прапаленай камеры, дзе перыядычна знікала то вада, то каналізацыя; Умовы там ніякія. Я лічу нейкім здзекам над чалавечай натураю», – сведчыць спадар Шарэнда.

Выйшла на волю ўдзельніца пратэстаў – Наталля Папкова

3-га сакавіка яе прымусова, быццам паводле заявы суседзяў, змясцілі ў псіхіятрычную лякарню. Сёння ж, без тлумачэння, без даведак і экспертызаў – выпусцілі.

«Я так разумею, мяне затрымалі толькі каб не дазволіць выйсці пятага сакавіка на пратэст у Берасці супраць дэкрэту аб дармаедстве», – упэўненая актывістка.

Пакаранне атрымалі пяць актывістаў анархісцкага руху

За ўдзел ва ўчорашніх пратэстах судзілі Андрэя Дзенюшкіна, Руслана Халікава, Аляксандра Казлянку, Паўла Завадскага і Дзмітрыя Леўчука. Анархістаў затрымалі супрацоўнікі ў цывільным, калі маладзёны вярталіся дадому.

Застаецца невядомым лёс Аляксандра Кабанава з Бярозы

Грамадскі актывіст запомніўся сваймі прамовамі на папярэдняй акцыі ў Берасці, 26-га лютага.

Напярэдадні Аляксандра затрымалі міліцыянты, пра што ён паспеў паведаміць у сацыяльных сетках.

Як «Белсат» анархістаў ратаваў

Марш недармаедаў прайшоў учора ў Берасці. Каля 15 анархістаў здолелі павесці за сабой астатніх удзельнікаў мітынгу. Маладзёны нават на 40 секундаў заблакавалі праспект.

ВД, Юрась Салодкі, паводле spring96.org

Стужка навінаў