У Берасці чалавек у форме НКВД пытаў, ці чакаюць жыхары вяртання польскай улады


Берасце на адзін дзень вярнулася ў сталінскія часы.

Гадавіну нападу гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз улады Берасця ператварылі ў шоу. Афіцыйна імпрэза называлася – «Пяты міжнародны фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі 22 чэрвеня. Берасцейская крэпасць».

На адной з цэнтральных вуліц Берасця – Савецкай – правялі тэатралізаваную пастаноўку апошняга мірнага дня ў Берасці 21 чэрвеня 1941 года «Заўтра была вайна». Горад напоўніўся людзьмі ў форме НКВДшнікаў ды цывільным адзенні савецкага часу. Шмат хто бавіў час у вулічных кавярнях, людзі весяліліся і спажывалі алкаголь. Вуліцу заставілі вайсковай тэхнікай тых часоў ды завесілі плакатамі з савецкай прапагандай. Чалавек у форме афіцэра НКВД намагаўся жартаваць з берасцейцамі: «Чакаеце, што зноў вернецца польская ўлада? Мы з вас кішкі павытрасаем…»

Дзе-нідзе былі відаць партрэты Сталіна, гучала музыка ды песні, якія ўслаўлялі аднаго з самых крывавых дыктатараў ХХ стагоддзя. На імпрэзе сустракаліся расейскія турысты, якія хадзілі ў саколках з партрэтам Пуціна і георгіеўскімі стужкамі (але іх не так шмат, як было 9 траўня). Гэткае «свята» дапаўняе аркестр і танцы.

ЛА, belsat.eu

Стужка навінаў