У Белдзяржфілармоніі сёння вялікі вечар памяці Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна


Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін адведваюць Васіля Быкава ў бараўлянскім шпіталі. Фота: svaboda.org

А 19-й гадзіне ў Вялікай зале Філармоніі адбудзецца канцэрт памяці паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна «Струны сэрца чыстага».

Ідэя правесці мемарыяльную вечарыну належыць народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу.

«Мы былі з аднаго пакалення, а з Генадзем Мікалаевічам мы яшчэ сябравалі. Любоў да беларускай паэзіі прыйшла да мяне ў далёкія 1960-я пад уплывам паэзіі Барадуліна і Бураўкіна.

Рыгор Барадулін – першаадкрывальнік новых даляглядаў у лексіцы паэзіі. У яго вершах рассыпаны разынкі народнага гумару.

Генадзь Бураўкін – паэт-лірык, але і ў ранняй, і ў позняй лірыцы ён заўсёды паўстае вялікім філосафам і грамадзянінам. І Барадулін, і Бураўкін – гэта носьбіты беларускасці, абодва вельмі тонка адчувалі беларускую мову.

Лёс распарадзіўся так, што яны пайшлі з жыцця амаль адначасова, адзін за адным – вясной 2014 году…», – так патлумачыў народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец свой выбар.

У першым аддзяленні мемарыяльнага вечара прагучаць песні на вершы паэтаў. У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца будуць спяваць Зміцер Вайцюшкевіч, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў, харавая капэла імя Рыгора Шырмы.

У 2-м аддзяленні Міхаіл Казінец будзе дырыжыраваць Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам. Будзе выкананая Шостая сімфонія Андрэя Мдзівані «Полацкія пісьмёны».

belsat.eu, паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары