У Беларусі запусцілі сонечную электрастанцыю памерам у 60 футбольных палёў


Фота homel.greenbelarus.info

У Беларусі пабудавалі найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю памерам з 60 футбольных палёў і магутнасцю, якой хопіць на ўключэнне ўсёй вячэрняй падсветкі Менску.

Праект рэалізавала непадалёк ад Брагіна кампанія «Velcom». Абʼём інвестыцыяў, укладзеных у праект, склаў € 24 млн. Як паведамілі ў «Velcom», для іх «гэта і доўгатэрміновы праект на перспектыўным рынку, і ўклад у захаванне экалогіі». Кожная гадзіна працы парку дазволіць Беларусі адмовіцца ад 7 тыс. кубаметраў прыроднага газу, сцвярджаюць у кампаніі.

Сонечную электрастанцыю ў Брагіне пабудавалі датэрмінова. Праект рэалізавалі на чатыры месяцы раней, чым было прадугледжана інвестыцыйнай дамоваю. Спяшаліся невыпадкова, каб электрастанцыя «заспела» як мага больш сонечных летніх дзён. Гэтым летам адбыўся пробны пуск сонечнага парку, і электрастанцыю прынялі ў эксплуатацыю.

Паведамляецца, што сонечны парк «Velcom» стаў найбуйнейшым у краіне, прычым як па памерах, так і па магутнасці. Электрастанцыя займае плошчу больш за 41 гектар, а яе намінальная магутнасць дасягае рэкордных для беларускіх сонечных установак 18,48 МВт. Ніводзін іншы абʼект, які працуе ў краіне ад сонца, не валодае такімі характарыстыкамі.

Парк складаецца з 85 тыс. сонечных панэляў, якія пераўтвораць сонечнае выпраменьванне ў электраэнергію пастаяннага току. Пасля гэтага яе пераўтвораць у пераменны ток.

Каб звязаць паміж сабой усе панэлі і абсталяванне, у сонечным парку пракладзена больш 730 км кабеляў, што разам перавышае адлегласць ад Менску да Масквы.

Кампанія «Velcom» таксама пабудавала высакавольтную лінію электраперадачы працягласцю 4,5 км з 22 апорамі і трансфарматарам. Гэта дазволіла злучыць сонечную электрастанцыю з падстанцыяй «Брагін».

МЯ, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары