У Беларусі вынеслі другі за год смяротны прысуд

video

Сяргей Хмялеўскі. Фота tut.by

15 лютага Мінскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 31-гадовага ўраджэнца вёскі Мачулішчы Менскага раёну Сяргея Хмялеўскага. Мужчына здзейсніў жорсткае забойства двух і больш асоб, паведамляе spring96.org.

Раней абвінавачаны быў неаднаразова судзімы – за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкага пашкоджання, уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

https://youtu.be/_cN-tvO_Kv4

Па апошняй крымінальнай справе яму было прадʼяўленае абвінавачванне ў забойстве двух і больш асоб, учыненым з асаблівай жорсткасцю з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне. А таксама ў крадзяжы, замаху на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, незахаванні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

Паводле Tut.by, крымінальная справа была распачатая ў лістападзе 2014 года, пасля таго як у Менскім раёне пры тушэнні пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і ягонай 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што падпал дома быў ажыццёўлены з мэтай утойвання слядоў злачынства.

Пакідаючы месца злачынства, абвінавачаны ў двары дома забітых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Жадаючы пазбавіцца ад сведкі, сапхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй два метры. У выніку падзення пацярпеламу былі прычынены шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы.

Гэта другі смяротны прысуд вынесены ў Беларусі ў 2016 годзе. Нагадаем, прысудам Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 года Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары