У Беларусі можна легалізаваць кантрабандную прадукцыю за $ 5 000


Гендырэктар расейскай лагістычнай кампаніі распавёў «Forbes», як польскія яблыкі ператвараюцца ў аргентынскія, а канадскія крэветкі становяцца бангладэшскімі.

Беларусь, Казахстан ды краіны Балтыі дапамагаюць краінам Захаду танна абыходзіць расейскае харчовае эмбарга, паведамляе forbes.ru.

Гендырэктар пецярбургскага «Расейскага лагістычнага правайдара» Руслан Кіс распавёў выданню, што каля 40-50% тавараў з санкцыйнага спісу трапляюць у Расею праз Беларусь і Казахстан. Паводле яго, кантролю за выкананнем контрасанкцыяў няма.

«Яшчэ істотная частка (забароненага імпарту) у краінах Прыбалтыкі з іспанскай, нямецкай, італьянскай і г.д. ператвараецца ў егіпецкую, пакістанскую, сербскую і г.д», – адзначае Кіс.

Змена маркіроўкі на забароненых таварах пастаўлена на паток і абыходзіцца імпарцёрам нядорага, кажа бізнесмен. Паводле яго, неабходны пакет дакументаў на партыю забароненай садавіны ці гародніны ў Беларусі каштуе $ 5 000.

«За 300000 (расейскіх рублёў) праз некалькі гадзінаў польскія яблыкі стануць у вас хоць сербскімі, хоць аргентынскімі або ізраільскімі. У Клайпедзе канадскія крэветкі за € 5 000 стануць бангладэшскімі. І ўсе дакументы (ад беларусаў і ад прыбалтаў) будуць як бы арыгінальныя – фіта і ветэрынарныя сертыфікаты будуць на паперы з вадзянымі знакамі», – кажа Руслан Кіс.

Чытайце таксама >>> У Расеі за содні знішчылі амаль 320 тон санкцыйных прадуктаў. На чарзе – персікі і вішні

29 ліпеня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, згодна з якім сельскагаспадарчая прадукцыя, забароненая да ўвозу ў Расею, падлягае знішчэнню з 6 жніўня гэтага года.

Больш за 250 тысяч расейцаў ужо выказалі пратэст у сувязі са знішчэннем свежых прадуктаў і выступілі за перадачу іх грамадзянам, якія жывуць у нястачы.

ЮВ, belsat.eu паводле forbes.ru

Стужка навінаў