У Беларусі могуць увесці крымінальную адказнасць за недакладную інфармацыю


Пра тое, што разглядаецца варыянт увядзення вялікіх штрафаў і крымінальнай адказнасці за недакладную інфармацыю, сёння паведаміў генеральны пракурор Аляксандр Канюк.

«Часам ілжывы кантэнт бударажыць грамадскую думку, з-за гэтага бываюць вялікія наступствы», – перадае словы пракурора партал tut.by.

Кажучы пра «ілжывы кантэнт», які «бударажыць грамадскую думку», магчыма, Канюк меў на ўвазе апошні выпадак з Пятром Маркелавым.

Актывіста затрымалі і змясцілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў пасля таго, як у медыях з’явілася інфармацыя пра ягоны пікет каля будынку МУС. Маркелаў правёў на Акрэсціна 72 гадзіны, але пасля ў судзе высветлілася, што ніякага пікету насамрэч не было, а фотаздымкі зробленыя ў фоташопе. Як патлумачыў Маркелаў, гэта была спланаваная акцыя. У яго быў намер паказаць, што міліцыя займаецца не сапраўднымі злачынцамі, а вышукваюць у інтэрнэце фотаздымкі.

Сапраўды, у заканадаўстве прапісана, што матэрыялы медыяў могуць быць падставай для праверкі або ўзбуджэння справаў. Вось толькі чамусьці гэта дзейнічае дастаткова кропкава. На нашым сайце штодзень зʼяўляецца інфармацыя пра парушэнні дзеючага заканадаўства, але міліцыя выкарыстоўвае гэта толькі супраць нашых журналістаў. Варта хаця б прыгадаць сюжэт, які месяц таму зʼявіўся на сайце. Нашыя журналісты распавялі пра тое, як міліцыянты зламалі нагу пенсіянеру. Ніякай праверкі ў дачыненні да службовых асобаў праведзена не было. Затое журналістаў будуць судзіць за незаконны выраб прадукцыі медыяў.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары