У Беларусі адзначаюць Дзень Перамогі. Лукашэнка: Нам не сорамна перад ветэранамі


11:23 Цырымонія на Плошчы Перамогі скончылася.

11:21 Лукашэнка скончыў прамову. Аркестр грае дзяржаўны гімн, гучаць залпы артырылійскага салюта.

11:19 Хвіліна маўчання.

11:12 Прамаўляе Лукашэнка.

«Мы свята захоўваем памяць пра вашу Перамогу, нашу Перамогу, мы не дазволілі і ніколі не дазволім сказіць праўду пра гэту Перамогу, фальсіфікаваць і адабраць яе ў нашых дзяцей і ўнукаў. Мы робім і зробім усё, каб яны жылі ў мірнай і незалежнай краіне. Мы змагаліся за праўду пра вайну. За праўду пра вас. Нам не сорамна перад вамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай, якія з нябёсаў з трывогай назіраюць за варʼятамі, што штурхаюць планету да новай сусветнай вайны».

11:06  Вянкі да манумента ўскладаюць дыпламатычныя прадстаўнікі, а таксама каталіцкі арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

11:03 Лукашэнка ўсклаў вянок да абеліска і пакланіўся помніку Перамогі.

11:00 Лукашэнка прыбыў на Плошчу Перамогі і рыхтуецца да ўрачыстага ўскладання вянкоў.

10:50 На Плошчы Перамогі людна: спартсмены, навукоўцы, прадстаўнікі працоўных калектываў і канешне ж ветэраны. Прысутныя трымаюць сімвалы акцыі – ленты зялёна-чырвонага колера. Праспект у чаканні картэжа Лукашэнкі.

Большасць краінаў Еўропы адзначаюць перамогу ў Другой сусветнай вайне 8 траўня. Апрача былых савецкіх рэспублік, 9 траўня лічыцца святам яшчэ ў пяці дзяржавах, але нідзе гэты дзень не абвешчаны выходным.

Для большасці ж еўрапейцаў 9 траўня звязанае з Днём Еўропы – штогадовым святам міру і адзінства ў краінах Еўразвязу.

На афіцыйным узроўні Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаць шэсцем памяці «Беларусь памятае», якое пачнецца а 10:45 на праспекце Незалежнасці ў Менску. Людзі пройдуць да плошчы Перамогі з партрэтамі герояў вайны і сваіх сваякоў на знак памяці пра вайну і ўдзячнасці пакаленню пераможцаў.

Для ветэранаў на плошчы Перамогі паставяць трыбуны, дзе яны сустрэнуць шэсце. Затым да помніка на плошчы Перамогі будуць ускладзены кветкі, прагучыць вальс Перамогі. Ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі прыме ўдзел Аляксандр Лукашэнка.

Увечары на пляцоўцы перад Вечным агнём адбудзецца святочны канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь з удзелам беларускіх выканаўцаў і запрошаных артыстаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў