У Барысаве трое ўчастковых ужо месяц не выходзяць на працу


Міліцэйскае кіраўніцтва хавае гэтую сітуацыю, каб не ўзнікла гэткага рэзанансу, як у Крычаве.

TUT.BY падае, што за апошні месяц пяць міліцыянтаў Барысаўскага РУУС напісалі заявы на звальненні, але кіраўніцтва не падпісвае іх. Таму яны сядзяць удома і чакаюць, калі іх звольняць за прагулы.

«Цяпер гэтая сітуацыя старанна хаваецца, каб не ўзнікла такога рэзанансу, як у Крычаве, – кажа праваахоўнік, які добра ведае гісторыю ў Барысаве. – Справа ў тым, што за апошні месяц пяць супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС паспрабавалі звольніцца, але праз тое, што штат не ўкамплектаваны і бракуе міліцыянтаў, то страціць столькі чалавек нельга. Таму кіраўніцтва не падпісвае заявы, проста рве і ўсё».

Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі спрабуюць звольніцца з-за пастаянных парушэнняў працоўнага заканадаўства.

Трое ўчастковых інспектараў не выходзяць на працу з 14 чэрвеня. Яны проста сядзяць удома.

Міліцыянты дадаюць, што ані змовы, ані афіцыйнай скаргі на кіраўніцтва не было – «кожны захацеў сысці сам па сабе».

«Эмацыйна выпаліўся. Так, не выйшаў на працу. Проста прыняў такое рашэнне, і даваць нейкія каментары зараз подла, я шэсць гадоў прапрацаваў у гэтай сістэме. Цяпер расставіў прыярытэты, сям’я стала важней», – кажа адзін з участковых.

Двое ягоных калегаў апынуліся ў казытлівай сітуацыі: яны, маладыя спецыялісты, што скончылі спецыялізаваную ВНУ, павінныя пяць гадоў адпрацаваць па кантракце. Яны прапрацавалі толькі два. У выпадку звальнення кожнаму прыйдзецца выплаціць па $ 10 тысячаў за сваё навучанне за сродкі з бюджэту.

«Ідзе службовая праверка, дакументы перададзены ў Менск. Нават не ведаю, звольнены я ўжо афіцыйна ці яшчэ не, – кажа супрацоўнік Барысаўскага РУУС. – Шкада, што не далі працаваць. Я свядома выбіраў гэтую прафесію. Чаму сышлі? Ненармаваны працоўны дзень, выходныя забіралі, хоць па заканадаўстве могуць выклікаць толькі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. І то гэта тычыцца супрацоўнікаў МНС, брыгады хуткай дапамогі, а не ўчастковых міліцыянтаў. Так, магчыма, дзесьці былі касякі – так мы маладыя. Паказнікі былі нядрэнныя».

«Сапраўды, трое супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС не выходзяць на службу. Асноўная прычына – нежаданне добрасумленна выконваць службовыя абавязкі. Адзначу, што ўсе гэтыя супрацоўнікі маюць дысцыплінарныя спагнанні, у большасці выпадкаў за неналежны разгляд зваротаў і заяваў грамадзянаў. Паводле факту прагулаў праведзеная службовая праверка. Супрацоўнікаў звольняць з органаў унутраных спраў. Барысаўскае РУУС працуе ў штатным рэжыме», – кажа Яўген Сачак, афіцыйны прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкаму.

Кацярына Барысевіч, фота вокладкі – Васіль Федосенка / Reuters

Глядзі таксама
Каментары