У Бабруйску кіроўца без правоў збіў супрацоўніка ДАІ


Даішніка шпіталізавалі.

Раніцай 15 жніўня ў Бабруйску вадзіцель «ВАЗа» пры перастройванні ў крайнюю правую паласу руху на вуліцы Кастрычніцкай не справіўся з кіраваннем і збіў інспектара ДАІ, які выконваў службовыя абавязкі.

Міліцыянт атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і быў шпіталізаваны ў нейрахірургічнае аддзяленне мясцовай больніцы. УУС Магілёўскага аблывыканкаму падае, што цяпер жыццю даішніка нічога не пагражае.

Кіроўца – 20-гадовы ўраджэнец Бабруйску, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Гэтак, сёлета ў ліпені яго пазбавілі вадзіцельскага пасведчання на тры гады за кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення.

Паводле факту ўчорашняга ДТЗ праводзіцца праверка. У кіроўцы ўзялі біялагічныя ўзоры для вызначэння фізічнага стану.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў