У Аршанскім раёне мужчына стрэліў у знаёмую, а пасля не хацеў здавацца АМАПу


30 ліпеня а 8 раніцы ў аршанскую міліцыю пазванілі з Цэнтральнай гарадской бальніцы і паведамілі, што ў рэанімацыю прывезлі жанчыну з агнястрэльным раненнем.

42-гадовую жыхарку пасёлка Балбасава шпіталізавалі з агнястрэльным раненнем грудной клеткі.

Следчыя, якія працавалі на месцы здарэння, высветлілі, што ў жанчыну стрэлілі ў падʼездзе яе дома. Зрабіў гэта знаёмы, 44-гадовы беспрацоўны мужчына, пасля чаго ён збег. Міліцыя пачала шукаць мужчыну, правяла ператрусы ў яго дома. На наступны дзень 31 ліпеня праваахоўнікам паведамілі, што ўзброенага падазраванага бачылі на прыпынку дызель-цягніка «Зорны».

Міліцыя ачапіла прыпынак. Падазраванага адціснулі на бяспечную адлегласць ад цягніка.

«На неаднаразовыя патрабаванні праваахоўнікаў здаць зброю мужчына не рэагаваў: размахваў стрэльбай, накіроўваючы яе ў розныя бакі. Улічваючы, што мужчына знаходзіўся ў грамадскім месцы і катэгарычна адмаўляўся здаць зброю, затрымліваць яго прыехалі супрацоўнікі АМАПу. У выніку мужчына быў абясшкоджаны і затрыманы на прыпыначным пункце», – паведамляе прэс-служба МУС.

Папярэдне высветлена, што на момант затрымання мужчына быў пʼяны. Цяпер з ім працуюць следчыя.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў