Турцыя выпрабоўвае ракетны комплекс з беларускім шасі


Не толькі арміі Расеі і Кітая купляюць прадукцыю беларускіх інжынераў – найноўшы ўдарны ракетны комплекс «KAAN» («Хан») праходзіць выпрабаванне ў турэцкай арміі. Ракеты стаяць на сучасным высокапраходным колавым шасі ад Менскага заводу колавых цягачоў.

Аператыўна-тактычны комплекс «KAAN». На кабіне бачны лагатып гандлёвай маркі беларускага МЗКЦ«Volat». Фота – www.aviationanalysis.net

Боты для «Хана»

На гэтым тыдні Дэпартамент абароннай прамысловасці Турцыі апублікаваў у «Тўітэры» відэа новай ракетнай устаноўкі. Машына нясе балістычныя ракеты, кожная з якіх утрымлівае 470 кілаграмаў выбухоўкі.

Комплекс распрацавала турэцкая кампанія «Roketsan». Асноўная задача баявой сістэмы – атакаваць значныя канцэнтрацыі жывой сілы і бранятэхнікі праціўніка, а таксама іншыя важныя цэлі, такія як аэрадромы, штабы, пазіцыі супрацьпаветранай абароны.

«У некаторых выпадках гэтая балістычная ракета можа быць альтэрнатывай кропкаваму паветранаму бамбардаванню», – каментуе сайт DefenceBlog.Com.

KAAN вядзе агонь. Фота – www.roketsan.com.tr

«KAAN» – экспартная версія комплексу – мае дальнасць агню да 280 км. Паводле некаторых паведамленняў, ракеты для турэцкай арміі (комплекс у такім варыянце называецца Bora) будуць мець большую дальнасць. Для навядзення і карэктавання палёту ракетаў выкарыстоўваюцца спадарожнікі і інерцыяльная сістэма навігацыі.

Выкарыстоўвае комплекс знакамітае беларускае шасі МЗКЦ-7930 з колавай формулай 8х8.

Небяспека з усходу

МЗКЦ – колішні асноўны пастаўшчык цяжкіх колавых шасі для савецкай, а цяпер і расейскай арміі. Менавіта на розных мадыфікацыях шасі МЗКЦ стаяць расейскія аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр», берагавыя ракетныя комплексы «Бал» і «Бастыён», кантэйнерныя ракетныя комплексы «Club-M», зенітна-ракетныя комплексы С-400 і С-500, ракетныя комплексы стратэгічнага прызначэння «Топаль-М».

Цягач МЗКТ-79221 з атамнай ракетай (макетам ракеты?) комплексу «Топаль-М» на парадзе ў Маскве ў 2010 годзе. Фота – wikipedia.org

Арыентаванасць на аднаго кліента нясе з сабой даволі вялікую небяспеку: кліент, карыстаючыся залежнасцю заводу ад сябе, можа паспрабаваць захапіць карысны актыў, а потым і перанесці завод на сваю тэрыторыю, знішчыць вытворчасць і цэнтр распрацоўкі ў Беларусі.

Масква ўжо спрабавала набыць такі важны для яе завод у 2012–2013 гадах, прычым спрабавала выкручваць рукі беларусам негалоснай забаронай на набыццё прадукцыі МЗКЦ. Усходнія суседзі пагражалі выкарыстоўваць замест іх шасі вытворчасці КамАЗу і УралАЗу.

Аднак беларускі тэхналагічны скарб гэтак і не трапіў у чужыя рукі. Стварыць канкурэнтаў менскаму шасі ў Расеі не здолелі дагэтуль – для новых ракетаў і баявых сістэмаў расейцы ўсцяж патрабуюць якасных спецыялізаваных беларускіх платформаў.

Навошта нам туркі?

Беларусь ужо не першы год імкнецца да дыверсіфікацыі ваенна-тэхнічнай супрацы, каб знізіць сваю залежнасць ад Расеі. І не ў апошнюю чаргу гэта датычыцца МЗКЦ – «фамільнага срэбра» нашай краіны, якое не павінна трапіць у чужыя рукі.

Пятро Парашэнка перадае дакументы на новую тэхніку ўкраінскім вайскоўцам на фоне РЛС на беларускім шасі. Фота – прэсавая служба прэзідэнта Украіны

Гэтак, летась прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка перадаў свайму войску новыя мабільныя радыёлакацыйныя станцыі, якія стаяць на шасі «Волат».

Паставіць свае РЛС на беларускае шасі прапанаваў таксама Азербайджан. Баку ўжо купляе ў Беларусі ракетныя сістэмы залпавага агню «Паланэз», якія таксама стаяць на шасі МЗКЦ.

Удзельнічае ў кааперацыі з МЗКЦ і Кітай. Першае сумеснае прадпрыемства з кітайцамі беларускі завод стварыў яшчэ ў 1998 годзе. Беларускія распрацоўкі, якія былі часткова лакалізаваныя кітайцамі, рэгулярна можна бачыць на парадах арміі Кітаю, падчас якіх паказваюцца новыя ўзоры ракетнай тэхнікі на колавай базе МЗКЦ.

Тут паўстае ўжо новая небяспека – як не згубіць свае тэхналагічную перавагу перад абліччам кітайскай здольнасці капіяваць амаль усё. Але ў любым выпадку мець некалькі кліентаў з рознымі інтарэсамі заўсёды лепш, чым толькі аднаго, які намагаецца дыктаваць свае ўмовы.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары