Тупік Браніслава Тарашкевіча. Ці ёсць з яго выйсце?


У Польшчы могуць змяніць назвы вуліцаў, названыя ў гонар беларусаў – Браніслава Тарашкевіча і Якуба Коласа. Рэч у камуністычнай дзейнасці нашых славутых суайчыннікаў. Паводле новага закону пра забарону прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу ў назвах будынкаў, аб’ектаў і абсталявання публічнага выкарыстання ці скарочана «закон пра дэкамунізацыю», змяняюцца дзясяткі назваў па ўсёй краіне. Пад раздачу трапілі і дзве вуліцы ў гарадах Гайнаўка ды Бельск-Падляскі на Беласточчыне – рэгіёне, дзе кампактна жывуць беларусы. Справа зайшла ў тупік. Ці ёсць з яго выйсце? Разбіраўся Сяргей Пеляса.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы далучыў беларуса Браніслава Тарашкевіча да спісу камуністычных дзеячаў і перадаў яго мясцовым уладам на Беласточчыне, каб яны змянілі назву вуліцы Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім на іншую. Інстытут дзеіць у межах «закону пра дэкамунізацыю», у якім запісана:

«Назвы будынкаў, аб’ектаў і абсталявання публічнага выкарыстання, у тым ліку дарог, вуліцаў, мастоў ды плошчаў, якія надаюць адзінкі тэрытарыяльнага самакіравання, не могуць ушаноўваць памяць асобаў ці арганізацыяў, падзеяў ці датаў, якія сімвалізуюць камунізм ці іншы таталітарны лад або іншым чынам такі лад прапагандуюць»

«Браніслаў Тарашкевіч вядомы найперш як літаратар, палітык, мовазнаўца, а таксама перакладнік на беларускую мову «Пана Тадэвуша» ды «Іліяды» Гамэра, але гэта таксама быў палітык, які ў перыяд міжваеннага дваццацігоддзя акрамя таго, што быў беларускім палітыкам Грамады, быў таксама сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі з 1925 г.», – кажа Эва Рагалеўска з Інстытуту нацыянальнай памяці ў Беластоку.

Беларусам Браніслаў Тарашкевіч вядомы найперш як аўтар «Беларускай граматыкі для школ» – гэтак званай «тарашкевіцы». Вуліцу назвалі яшчэ ў час Польскай Народнай Рэспублікі ў 1987 г. Але ці гэта азначае, што Тарашкевіч – сімвал камуністычнага ладу?

«Я думаю, што ён ніяк не сімвалізаваў гэтага ладу і не меў такога значэння. Ягоная супраца з камуністамі мела ў пэўнай меры тактычнае значэнне. На іх можна было абаперціся. Падтрымлівалі, разумееце, у той час. І самыя ідэі камуністычныя ў той час не набылі той скажонай пачварнай формы, якую набылі ў 30-ыя гады з прыходам да асабістай улады Сталіна», – кажа літаратуразнавец Арсень Ліс, даследнік спадчыны Браніслава Тарашкевіча.

Перад далучэннем да камуністаў у польскім парламенце Тарашкевіч з паплечнікамі дамагаліся правоў для беларусаў і аўтаноміі. Зрабіць гэтага не атрымалася, і ён стаў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

«Яго два разы ў Польшчы судзілі. Ён дзеяў на шкоду тагачаснай польскай дзяржаве. Між іншым яго асудзілі за тое, што ў 1930–31 гг. на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў ён дзеяў у камуністычнай змове і рыхтаваў гвалтоўнае зрынанне канстытуцыйнага дзяржаўнага ладу польскай рэспублікі, а таксама адарванне ад яе часткі тэрыторыі з мэтаю далучыць да Савецкага Саюзу», – кажа Эва Рагалеўска з Інстытуту нацыянальнай памяці ў Беластоку.

А таму ён не можа быць ушанаваны ў назве вуліцы ў падляскім Бельску. Здавалася б, гэта канец гісторыі. Аднак кропку ставіць рана. Падляскі ваявода 25 кастрычніка папрасіў мэра гораду Бельск-Падляскі, дзе месціцца вуліца Тарашкевіча, да 24 лістапада запрапанаваць новую назву, аднак мэр, якога выбіраюць мясцовыя жыхары, адказаў прадстаўніку ўраду ў Беластоку, што «постаць Браніслава Тарашкевіча ўспрымаецца ў горадзе станоўча».

«Я думаю, што ўсё-такі ўдасца Тарашкевічу застацца ў Бельску. Трэба проста выясніць некаторыя справы. Хто ён насамрэч для беларускай нацыі, для беларускай гісторыі. Што ён найперш не камуніст. Гэта не чалавек, які ваяваў за таталітарызм. Ён загінуў падчас вялікіх чыстак у 30-ыя гады. Ён у першую чаргу перакладнік, асветнік і навуковец», – кажа дэпутат гарадской рады г. Бельск-Падляскі Томаш Суліма.

Гэта азначае, што мясцовыя ўлады ў Бельску не згодныя з пастановамі цэнтральных і аспрэчваюць іх. А менавіта гарадская рада на просьбу ваяводы пастанаўляе пра змены назваў вуліцаў.

«Цяпер назвы вуліцаў, якіх яшчэ не змянілі, – у прэрагатыве падляскага ваяводы, які дадаткова пастановіць пасля меркавання, атрыманага з Інстытуту нацыянальнай памяці, у справе вуліцаў. Да падляскага ваяводы, а таксама да нас сёння прыйшлі тры інфармацыі пра іншыя вуліцы. Так што цяпер мы апрацоўваем Падляскае ваяводства. У пачатку снежня, праўдападобна, будуць канкрэтныя рашэнні ў гэтай справе», – кажа Эва Рагалеўска з Інстытуту нацыянальнай памяці ў Беластоку.

А змяніць могуць і назву вуліцы Якуба Коласа ў іншым горадзе – Гайнаўцы. Вуліцу Купалы змяняць не будуць.

«Тут мы маем дачыненне са справай інтэрпрэтацыі закону. Закон кажа, што трэба прыбраць з назваў вуліцаў постаці, якія ёсць сімвалам камунізму. А вось сімвалам камунізму Тарашкевіч не ёсць ніякім чынам», – кажагісторык, прафесар універсітэту ў Беластоку Алег Латышонак.

Беларускія дзеячы ў Польшчы мяркуюць, што гэтая справа можа сапсаваць беларуска-польскія дачыненні. Каб гэтага не дапусціць, у справу магло б умяшацца Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, як было ў выпадку спрэчкі, выкліканай надпісам на помніку Тадэвушу Касцюшку, які паставілі беларусы ў Швейцарыі. Тады з удзелам беларускіх дыпламатаў удалося справу залагодзіць і дайсці да паразумення з польскім бокам. Аднак Тарашкевіч – гэта не Касцюшка. Хаця тэарэтычна, калі Інстытут нацыянальнай памяці дадаў Тарашкевіча ў спіс, то, магчыма, можа яго і выкрасліць.

«Я думаю, трэба звярнуцца да міністра замежных справаў Макея ў гэтай справе. Мяркую, гэты чалавек зразумее. Ён разумее каштоўнасць нацыянальнай дзяржаўнасці. Што гэта такое. Не ўсе яе разумеюць, на жаль», – кажа літаратуразнавец, даследнік спадчыны Браніслава Тарашкевіча Арсень Ліс

Яе разумеюць таксама і палякі ў Інстытуце нацыянальнай памяці. Зразумела і тое, што справа са зменаю назвы вуліцы Браніслава Тарашкевіча зайшла ў тупік. Выйсце з яго маглі б з палякамі пашукаць беларусы ў Польшчы ды ў Беларусі разам з афіцыйным Менскам. Жаданне дыялогу ўжо агучыў кіраўнік польскага Інстытуту нацыянальнай памяці Ярослаў Шарэк.

У сюжэце выкарыстаныя матэрыялы сюжэту Радаслава Дамброўскага з праграмы «Беларускі тыдзень» «TVP Białystok» і фрагмент праграмы «Гісторыя пад знакам Пагоні» тэлеканалу «Белсат».

Жыццё складальніка першай беларускай граматыкі перарвалася 29 лістапада 1938 года.

Сюжэт паказалі 24 лістапада ў праграме «ПраСвет».

Іншыя тэмы праграмы:

  • Анатоль Лябедзька: Размаўляць трэба не толькі пра тое, што выгодна Лукашэнку
  • Цярністы шлях на Захад. Ці Беларусь – траянскі конь Расеі ва «Усходнім партнёрстве»?
  • Тупік Браніслава Тарашкевіча. Як палякі паспрачаліся з беларусамі праз назву вуліцы?
  • Палкоўнік Спаткай аналізуе афёру Паўла Шаройкі
  • Як выглядае «Гульня тронаў» па-луганску?
Стужка навінаў