«Трупярня цацак» або трэш-арт па-гарадзенску


Як жаданне добраўпарадкаваць двор у мікрараёне можа ператварыць яго ў здымачную пляцоўку для фільму жахаў…

Трупярняй або могілкамі для цацак называюць двор на Болдзіна мясцовыя жыхары. Тут можна сустрэць і прывязаных за шыю да дрэва мядзведзяў, і аднавокае ільвяня на бярозе, і малпаў у пластыкавых крэслах. Невядома як дзецям, але нават дарослым, гледзячы на ўсё гэта, стае неяк не па сабе.

Яшчэ адзін падобны двор у Горадні знаходзіцца на Індурскай шашы, блізка выезду з гораду. Белыя лебедзі, зробленыя з аўтамабільных апонаў тут, мабыць, самы бяскрыўдны элемент інсталяцыі. Чаго не скажаш пра драўляную русалку ў жаночым парыку, чабурашку з рыдлёўкай у лапах, замкнёную ў шкляным акварыуме (за што?!) блакітнавокую сабаку з высунутым языком…

Над усім гэтым узвышаецца слуп з двума металічнымі коламі зверху, аздоблены пластыкавымі бутэлькамі, падобны на катавальную машыну інквізіцыі. Праз «сад цудаў» на Індурскай шашы пракладзеныя сцежкі, таму жыхары мікрараёна, ідучы з прыпынку, нават пры жаданні не могуць абмінуць усе вышэйпералічаныя дзівосы.

Вядома, што гарвыканкам з году ў год праводзіць конкурс на лепшае добраўпарадкаванне двара, дзе не апошнюю ролю, са словаў мэра, грае «арыгінальнасць і крэатыўнасць». Цікава, ці фігуруюць двары на Болдзіна ды Індурскай шашы сярод намінантаў?..

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары