Трамп вывеў ЗША з Трансціхаакіянскага партнёрства


Фота Reuters/ JONATHAN ERNST

«Тое, што толькі што зроблена, дае перавагу працоўным ЗША», – заявіў Трамп, падпісваючы ўказ.

Цырымонія падпісання дакументу прайшла ў Авальным кабінеце Белага дому.

Новы кіраўнік Злучаных Штатаў лічыць, што трэба адмаўляцца ад міжнародных пагадненняў аб свабодным гандлі і ўводзіць мыты для абароны Амерыкі ад несумленнай канкурэнцыі.

У гандлёвы альянс Трансціхаакіянскага партнёрства акрамя ЗША ўваходзяць 11 краін (разам гэта каля 40% сусветнай эканомікі): Аўстралія, Брунэй, Вʼетнам, Канада, Малайзія, Мексіка, Новая Зеландыя, Перу, Сінгапур, Чылі і Японія.

Дагавор аб Трансціхаакіянскім партнёрстве быў падпісаны міністрамі гандлю ўсіх краін-удзельніц на пачатку лютага 2016.

Адміністрацыя Оўбамы лічыла гэта пагадненне мерай, якая дапаможа ЗША ў эканамічным супрацьстаянні з Кітаем. Дакумент не ратыфікавалі, бо кангрэс ЗША яго не зацвердзіў. Трамп нязменна называў TPP пагрозай для эканомікі ЗША і абяцаў адмяніць яго адразу пасля таго, як стане прэзідэнтам. Раней Японія заяўляла, што без ЗША пагадненне ня будзе мець сэнсу.

ДР belsat.eu паводле Reuters

Глядзі таксама
Каментары