Трагедыя ў Смаленску – у «Аб'ектыве» Белсату


10 красавіка 2010 года ўвесь свет быў шакаваны навіною аб авіякатастрофе пад Смаленскам, дзе разбіўся польскі ўрадавы самалёт. На борце была прэзідэнцкая пара і дзясяткі польскіх высокапасадоўцаў.

У той дзень «Белсат» прысвяціў увесь эфірны час гэтай трагедыі, каб паказаць беларусам, што перажывалі палякі.

«Мінула 21:00, вітаю вас у адмысловым выданні «Аб’ектыву», – распачаў выпуск навінаў журналіст і экс-вядоўца «Белсату» Аляксей Дазорцаў. – Нашае выданне мы прысвячаем падзеі, якая абляцела свет з паметкай «тэрмінова»: у авіякатастрофе ў Расеі загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі».

«Белсат» быў адзіным тэлеканалам у свеце, які вяшчаў не на польскай мове і прысвяціў 10 красавіка 2010 года ўвесь эфірны час катастрофе пад Смаленскам.

10 красавіка 2010 года самалёт Ту-154М ВПС Польшчы, які выконваў рэйс з Варшавы ў Смаленск для наведвання катынскага мемарыялу, пацярпеў крушэнне пры заходзе на пасадку на аэрадром Смаленск-Паўночны. Ніхто не выжыў. У выніку катастрофы загінулі 89 пасажыраў і 7 членаў экіпажа.

Гэта было беспрэцэдэнтнае рашэнне. На той момант «Белсат» працаваў менш за 2,5 гады і ў нас не было досведу асвятлення падзеі ў такім фармаце, улічваючы, што для нашых гледачоў гэта была навіна з-за мяжы. Праўда, падобных навінаў раней ніколі не было.

Пра тое, што адбываецца нешта нядобрае мы пачалі даведвацца па дарозе на працу. Выпадкова – з экранаў грамадскага транспарту. Не было ніякай канкрэтыкі – аварыя, тэхнічныя няспраўнасці самалёту. Пра маштаб катастрофы стала вядома ўжо ў ньюсруме. Мы пачалі думаць, як павінен выглядаць вечаровы выпуск навінаў: традыцыйны фармат ці адмысловае выданне пра трагедыю. Мы не ведалі, як такую ініцыятыву ўспрымуць нашыя гледачы і ці не пачнуць нас абвінавачваць у тым, што працуючы з Варшавы, вяшчаючы з Польшчы, журналісты «Белсату» перасталі разумець, што для Беларусі важна, а што не вельмі.

Кропку ў развагах тады паставіла сурэдактар «Аб’ектыву» Ірына Слаўнікава. Аргументацыя была простая: маючы такую магчымасць, мы павінны прадэманстраваць салідарнасць з Польшчай, якая неаднаразова дэманстравала салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю, у тым ліку, стварыўшы наш тэлеканал.

«Сёння Катынь у другі раз стала чорнай старонкай у польскай гісторыі. Дэлегацыя накіроўвалася на ўшанаванне памяці расстраляных у 1940 годзе польскіх афіцэраў, – кажа ў сваім матэрыяле Аліна Коўшык, якая падрыхтавала першую, самую важную навіну дня. – Гэта была эліта сённяшняй Польшчы».

Наступны матэрыял быў цалкам прысвечаны Леху Качыньскаму.

«У чэрвені прэзідэнту Польшчы споўніўся б 61 год. Доктар юрыдычных навук, спецыяліст у галіне працоўнага права, ён займаў шэраг высокіх пасадаў. Падтрымліваў дэмакратычныя пераўтварэнні ва Украіне, Беларусі і Грузіі, – кажа вядоўца «Аб’ектыву». – Трагічна загінулы сёння прэзідэнт падтрымліваў дэмакратычныя працэсы ў краінах былога СССР, у тым ліку ў Беларусі», – рэзюмуе журналістка Юлія Цяльпук напрыканцы свайго сюжэту.

10 красавіка 2010 года мы таксама казалі пра прычыны катастрофы і распавядалі пра папярэднія версіі, не спадзеючыся, што ўсё адразу стане зразумела і знойдуцца адказы на ўсе пытанні. 10 красавіка 2018 года гэтыя пытанні надалей застаюцца без адказаў.

Слова «салідарнасць» і «падтрыманне» былі ў тым выпуску навінаў практычна ў кожным матэрыяле.

«Такія моманты заўсёды яднаюць народ, – кажа журналісту «Белсату» беларускі апазіцыйны палітык Аляксандр Мілінкевіч. – Людзі пачынаюць разумець, што палітычныя супярэчнасці не так многа значаць у параўнанні з жыццём і вечнасцю».

«Перад якой роўныя ўсе людзі незалежна ад іхнай пазіцыі ў грамадстве і заслугаў, як не цяжка было б гэта ўсведамляць, – працягвае думку Мілінкевіча журналіст «Белсату» Алесь Залеўскі. – Для людзей, якія прыходзяць сюды пад прэзідэнцкі палац ды мільёнаў іншых палякаў па ўсёй краіне сённяшняя трагедыя – гэта асабісты боль. Для ўсёй нацыі – выпрабаванне на вытрываласць і салідарнасць духу, як і час салідарнасці з палякамі суседніх народаў».

ЮВ, cez, belsat.eu

Стужка навінаў