«Толькі на падтрыманне штаноў». Беларусь – аўтсайдар рэгіёну па выдатках на абарону

Wideo

Рэкордны вайсковы бюджэт прыняла Украіна – нашыя паўднёвыя суседзі гатовыя выдаць на абарону 5 % валавага ўнутранага прадукту. Ледзь не ўсе нашыя суседзі-чальцы НАТО калі не сёлета, то налета падцягнуць свае вайсковыя выдаткі да патрэбных 2 % ВУП. А што Беларусь? Пасля няспыннага скарачэння абаронных выдаткаў, налета Мінабароны атрымае на чвэрць больш сродкаў, чымся сёлета. Ці не ўпершыню вайскоўцы атрымаюць больш грошай, чымся міліцыянты. Як узбройваюцца суседзі, і як гэта робіць Менск?

Мы, беларусы – мірныя людзі, і гэта адлюстроўваецца не толькі пры дэманстрацыі побытавай тэхнікі падчас параду на Дзень Незалежнасці. Пацвярджае першыя словы дзяржаўнага гімну таксама Стакгольмскі інстытут даследавання праблемаў міру: Беларусь – гэта адзіная краіна ў рэгіёне, дзе вайсковыя выдаткі няспынна скарачаліся, як у адсоткавым вымярэнні, гэтак і ў рэальным. І пэўны час Беларусь магла сабе гэта дазволіць. Пасля развалу СССР нашай краіне засталася ў спадчыну ўся моц Беларускай вайсковай акругі.

«За кошт гэтай маёмасці мы доўгі час вельмі добра жылі, не асабліва намагаючыся выдаваць на абарону, не купляючы ніякай новай вайсковай тэхнікі. Як кажуць, нібы моль у паліто жылі. Але надышоў такі час, калі тая тэхніка не толькі маральна, але і фізічна стала старэць», – заяўляе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

І да нядаўняга часу – прыкладна да 2014-га – беларускае кіраўніцтва было задаволенае такой сітуацыяй. Агрэсія Крамля супраць Украіны і спроба размясціць у Беларусі расейскую авіябазу паказалі Менску неабходнасць узмацніць уласнае войска, мяркуе адмысловец Аляксандр Алесін.

«Лепш развіваць армію такім чынам, каб нікому не было нават цікава коса паглядзець у наш бок. То бок узброеныя сілы мусяць быць магутнымі», – заяўляў Лукашэнка.

Тады, у разгар вайны на ўсходзе Украіны, да такой высновы прыйшоў не толькі кіраўнік Беларусі.

Налета ўсе нашыя заходнія суседзі дасягнуць патрэбнага НАТО ўзроўню выдаткаў на абарону – 2 % ВУП. Яшчэ шэраг краінаў абяцае здзейсніць гэта ў хуткім часе. Бо на сёння два з кожных трох долараў у бюджэце Альянсу ідуць з ЗША. Нашыя паўднёвыя суседзі налета выдадуць на абароназдольнасць амаль 6 млрд долараў, хаця яшчэ ў 2014 г. Кіеў карміў армію на 1 % ВУП.

«Грошы знайшліся з тых крыніцаў і тых карупцыйных схемаў, што да 2014 года былі скіраваныя на звычайны крадзеж грошай. Цяпер гэтыя грошы пачалі з’яўляцца ў бюджэце і пачалі накіроўвацца не ў тыя схемы, дзе проста грошы раскрадалі, а пачалі ісці сапраўды на развіццё ўзброеных сілаў», – кажа Міхаіл Самусь, намеснік дырэктара ў міжнародных пытаннях Цэнтру даследавання войска, канверсіі і раззбраення (Кіеў).

Рэкордны бюджэт 2018 г. будзе перадусім скіраваны на закупку новага ўзбраення і рэарганізацыю постсавецкай структуры кіравання войскамі адпаведна стандартам НАТО. Але часам для ўкраінскай арміі пытанне выдачы грошай не менш складанае за іх атрыманне.

«У выніку ўсіх гэтых бюракратычных затрымак, як правіла, дзяржабаронзамова пачынае выконвацца ў найлепшым выпадку дзесьці ў сярэдзіне года. Раней бывалі выпадкі, калі дзяржаўная абарончая замова пачынала выконвацца наагул увосень», – дадае Самусь.

Карупцыя і бюракратыя для ўкраінскай арміі – ворагі не горшыя за прарасейскіх баевікоў. А як у Беларусі? На 60-тысячную армію мы выдаем менш, чымся Латвія на свае 9-тысячныя сілы. Дык, можа, гэта прынамсі эфектыўныя выдаткі?

«Гэта толькі на падтрыманне штаноў, – дадае Аляксандр Алесін. – Мы можам дазволіць сабе толькі самыя неабходныя выдаткі. Гэта якія? Гэта на існаванне вайскоўцаў, на больш-менш прымальныя ўмовы іхнага існавання».

І гэтыя ўмовы могуць зрабіцца больш прымальнымі, чымся ў айчынных праваахоўнікаў. Бюджэт беларускага Міністэрства абароны налета складзе 576 млн долараў, і якім бы ён ні быў малым, ён ці не ўпершыню большы за фінансаванне Міністэрства ўнутраных справаў.

Грошы, што застануцца ад «падтрымання штаноў», пойдуць на мадэрнізацыю супрацьпаветранай абароны і, магчыма, на абвешчаную сёлета закупку ажно 12 знішчальнікаў Су-30СМ. Адзін такі лятак каштуе 50 млн долараў – як Беларусь збіраецца іх набыць?

«Расея будзе намагацца звязаць пастаўкі ўзбраення з нейкімі палітычнымі ўмовамі: магчыма, ізноў будзе пытанне авіябазы, магчыма, будзе пытанне ракетнай базы для Іскандэраў», – лічыць Алесін.

З аднаго боку беларускі авіяпарк прайшоў ужо тры капітальныя рамонты – ідзем на сусветны рэкорд, кажа адмысловец; а з іншага – гучная заява пра куплю расейскіх летакоў можа быць проста дэманстрацыяй лаяльнасці. І павелічэнне фінансавання Мінабароны варта разумець хутчэй як асцярожны крок у бок больш самастойнай вайсковай палітыкі.

Тым болей, што Крэмль падчас вучэнняў «Захад-2017» ужо паказаў, што меркаванне Менску яго не надта цікавіць.

Усевалад Шлыкаў

Рэпартаж выйшаў у эфіры праграмы «ПраСвет» з Сяргеям Пелясою 8 снежня

Таксама ў праграме:

  • Эканаміст: Паўдзікую Прыпяць хочуць пераўтварыць у канал;
  • Рэдактар «Трыбуны» пра дыскваліфікацыю Расеі: Яны не зрабілі ніякіх высноваў;
  • Беларусы не баяцца польскай забароны гандлю ў нядзелі
Глядзі таксама
Каментары