Таямніцы авіякатастрофы «Germanwings»: пракуратура Францыі падазрае другога пілота ў наўмысным знішчэнні летака


Следчыя расшыфравалі поўны запіс 30 хвілінаў палёту чорнай скрыні самалёта, які кіраваўся з Барсэлоны ў Дусэльдорф.

Капітан выйшаў, другі пілот пачаў працэдуру зніжэння

Паводле пракурора горада Марсэль Брыса Рабэна, да моманту, пакуль капітан палёту знаходзіўся ў кабіне, усё было спакойна. Калі ён выйшаў, за стырном апынуўся другі пілот, які адразу наўмысна пачаў працэс зніжэння.

«Мы чулі, як капітан Патрык Зондэрмаер прасіў другога пілота ўзяць кантроль над самалётам, і мы чулі ў той жа час гукі перасоўвання сядзення ды гук зачынення дзвярэй. Працу другога пілота можна інтэрпрэтаваць як жаданне знішчыць самалёт. Пілот наўмысна пачаў зніжэнне. Свядома адмовіўся адкрыць капітану дзверы кабіны», – сказаў Рабэн.

Рабэн сцвярджае, што другі пілот, 28-гадовы Андрэас Любіц, быў жывы да моманту сутыкнення з зямлёй.

«У салоне чуваць, як нехта дыхае да самага моманту аварыі. Гэта азначае, што другі пілот быў прытомны», – адзначыў ён.

Пасажыры, па словах Рабэна, да апошняга моманту не разумелі, што самалёт зніжаецца.

«Іх крыкі чуць на запісы толькі ў апошнія хвіліны перад сутыкненнем. Анрдэас Любіц не адказваў дыспетчарам з зямлі і іншым самалётам паблізу, якія прабавалі з ім звязацца па радыёсувязі».

На борце лайнера «Germanwings», які разбіўся 24 сакавіка ў французскіх Альпах, былі 144 пасажыры, у тым ліку 2 немаўляты і 16 школьнікаў, а таксама 6 чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі.

Рэйсам з Барсэлоны ляцелі грамадзяне не менш як 15 краінаў, бальшыня якіх – немцы ды іспанцы. Самалёт зніжаўся 8 хвілінаў, што, на думку адмыслоўцаў, не нагадвае ні падзення, ні аварыйнага зніжэння.

Працягваюцца пошукі целаў катастрофы і другога самапісца, які фіксуе параметры палёту. Ён мог таксама ацалець.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары