Пры паспяховым запуску Falcon Heavy кампанія SpaceX зможа наладзіць транспарт грузаў і людзей на чырвоную планету.
6 лютага паміж 21:30 і 00:30 паводле менскага часу з касмадрому касмічнага цэнтру імя Кенэдзі ў Фларыдзе ўзляціць ракета Falcon Heavy з грузам у выглядзе капсулы, у якой знаходзіцца Tesla Roadster чырвонага колеру – асабісты аўтамабіль Ілана Маска, заснавальніка SpaceX і Tesla. (Пры тэхнічных праблемах падчас запуску SpaceX паўторыць спробу роўна праз суткі.)
За рулём аўта будзе сядзець манекен, апрануты ў скафандр SpaceX.
Неўзабаве пасля старту два разгонных блока з трох аддзеляцца ад ракеты і вернуцца на касмадром.
Трэці разгонны блок выведзе аўтамабіль на шлях да геліяцэнтрычнай арбіты вакол Сонца, якая выкарыстоўваецца для падарожжаў у напрамку Марса. Гэты разгонны блок таксама вернецца на Зямлю – ён прызямліцца на марскую платформу.
Кабрыялет Маска будзе падарожнічаць у космасе сам па сабе. У стэрэасістэме аўта будзе гучаць песня Дэвіда Боўі Space Oddity.
Як гэта будзе выглядаць, можна паглядзець у анімацыі, якую падрыхтавала SpaceX.
Акно для запуску на гэтую траекторыю адкрываецца раз на два гады. Менавіта такая арбіта дазваляе найбольш эфектыўна расходаваць паліва для палётаў да Марса.
У выпадку паспяховага запуску SpaceX стане галоўнай касмічнай кампаніяй у свеце. Праз 4 гады SpaceX паспрабуе даставіць на Марс першы груз. У 2024-м Ілан Маск плануе адправіць на Марс людзей.
ДД