Сяргей Анішчанка: «Максім Танк сказаў, што я кепскі беларус»


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

У інтэрв’ю Belsat.eu арганізатар забароненага ўладамі Полацку фестывалю «Рок-кола» распавядае пра чаканне званка з Мінкульту, канцэрты дэпутата Дзевятоўскага і жаданне зрабіць фэст, у пяць разоў лепшы за «Басовішча».

Belsat.eu: Неяк я патрапіў на ваш фестываль. Памятаю, што выступалі «Mauzer» i «N.R.M.». Апошнія былі тады забароненыя, але нібыта ў якасці выключэння атрымалі дазвол спець пяць песень.

Сяргей Анішчанка: Гэта быў 2005 год, гэта быў Полацкі ГДК. «N.R.M.». тады спеў толькі пяць песень, бо існуе дысцыпліна і парадак: а 23-й непаўнагадовая моладзь мусіць быць дома. І ніхто нам нічога не выключаў. Ведаеш, ніхто ніколі не рабіў ніякіх перашкодаў для фестывалю. Адзінае, канечне, у чым была праблема апошняга фестывалю 2007 года – на гарвыканкаме з’явіліся надпісы, звязаныя з бел-чырвона-белым сцягам. Ну зразумела, такі час, як бы яшчэ адрэагавалі… Я заўсёды казаў, не трэба звязваць палітыку з рок-н-ролам, тым больш у цяперашняй сітуацыі. Сёння гэта альбо музыка, альбо палітыка.

Справка
Рок-фестываль «Рок-Кола» ўзнік у 1990 годзе. 14 разоў ён праводзіўся ў Наваполацку, а тры апошнія разы – у Полацку. Пасля фестывалю 2007 года Полацкі гарвыканкам забараніў фестываль. Былі спробы перанесці «Рок-Кола» ў Смаленск ці Лагойск, якія, аднак скончыліся безвынікова. Асновай «Рок-Кола» быў конкурс маладых гуртоў з розных краін, а асноўнай мовай была беларуская. На фестывалі ў свой час выступалі «генералы беларускага року» «N.R.M.» N.R.M., «Neuro Dubel», «Крама» і іншыя вядомыя гурты.

Дык атрымалася, што ўлады пабачылі надпісы, раззлаваліся і вырашылі адыграцца на кімсьці?

Гэта акурат быў другі дзень «Рок-Кола». На гарвыканкаме з’явіліся надпісы і сцяг. І гэта было закрыццё. Гэта быў васямнаццаты фестываль, першы адбыўся ў 1990 годзе.

Тады значыць, што «Рок-Кола» і «Басовішча» нарадзіліся ў адным годзе?

Канечне. У 1992–1993 годзе я вазіў на «Басовішча» гурты «Мясцовы час» і «Грунвальд». Я лічу, што «Мясцовы час» быў адзіным такім калектывам у Беларусі, які меў такую вядомасць і голас, якіх больш тут няма і пакуль не нарадзілася. Шкада аднаго, ты разумееш, што знік дух беларускага рок-н-ролу, які быў зароджаны «Мрояй». Мы пазнаёміліся ў 1986 годзе, яшчэ будучы ўдзельнікамі гуртоў «Пошук» і Рокаш», дзе я быў вакалістам. Пасля былі «Мясцовы час», «Кадэцкі корпус», «Грунвальд». Пасля гэта ўсё сапсавалася. Вось што сёння ў нас слухаюць – «Red Hot Chilli Peppers», напрыклад. Шмат з «тых» ракенрольшыкаў сталі кавер-гуртамі і спяваюць шлягеры расейскага рок-н-ролу і нават папсы. Вось гэтага шкада: не стала духу, таго беларускага рок-руху ў добрым сэнсе.

Ці ёсць сілы і жаданне адрадзіць «Рок-Кола»?

Я сабе задаю пытанне: «А навошта?» Вось сам з сабой разважаеш, ці хацелася б вярнуць, альбо думаеш: «Не жыві ты ўжо мінулым». Сёння будзе вельмі цяжка пачаць. Гэта нават не тыя ўмовы палітычныя, а гэта будзе жорсткі адбор… вось там я думаю, можа, сёння і будзе выключацца электрычнасць. Я ніколі не збіраў у музыкаў іх тэкстаў, не пытаўся, што яны будуць там спяваць. У Наваполацку пачаліся цяпер такія фестывалі, якія ладзіць Вадзім Дзевятоўскі (дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. – Belsat.eu). Ён просіць мяне выйсці на яго фестывалі, павітаць людзей, але я не хачу ні пад якімі сцягамі рабіць фестываль. Адкажу шчыра – ні пад бел-чырвона-белымі, ні пад зялёна-чырвоным. Я хачу, каб гэта ўсё ж такі быў музычны фестываль. Не трэба мне вось гэтых палітычных, больш не хачу, проста хацелася б, каб для Беларусі была музыка.

Цікава, што за фестывалі ў Вадзіма Дзевятоўскага.

Ён хоча ажыўляць, ён вельмі цудоўны хлопец! Мы сустракаемся з ім, размаўляем. Я б яму дапамагаў. Але я яму адказаў: ««Здымі свой банер «Белую Русь», і я не буду вешаць свайго». Проста давай зробім добрае свята! Але ў іх жа ёсць «отчетники». А ў мяне іх не было. То бок, канечне, шкада, што няма пляцоўкі, няма «Рок-каранацыі». А няма і таму, што няма больш і «каралёў рок-н-ролу».

 

Калі фестываль закрылі, узгадваліся ідэі перавезці яго ў Смаленск. Што там не зраслося?

Смаленск не зросся. Гаворка вялася таксама пра Лагойск – прадзюсар Сяргей Ждановіч прапанаваў. Ну і была прапанова са Смаленскага рок-клубу перавесці «Рок-Кола» туды. Але па-першае, гэта Расея. «Рок-Кола» ўжо было б не «Рок-Колам». Па-другое, тут усё ж такі ёсць дух. Чаму фестываль пераязджаў з Наваполацку ў Полацк – тут дух гісторыі, дух культуры. Ну а яшчэ ты дома, ты ведаў музыкаў, ты ведаў бізнесоўцаў, якія табе дапамагалі. А там? Вось правялі нейкую «Навальніцу» ў Лагойску. А далей? Хтосьці паспрабаваў 18 гадоў рабіць рэспубліканскі рок-фестываль? Без падтрымкі дзяржавы. Мне ж сёння дазваляюць – рабі фестывалі, толькі, каб не было назвы «Рок-Кола». Але гэта як свайму дзіцяці – маці назвала, а пасля сказала: «Не, дзетка, мне не падабаецца». І я таму не хачу. Гэта што – па новай даказваць, хто ты такі Аніса ці не Аніса?

У пастанове з забаронай яшчэ напісана, нібы фэст дрэнна ўплывае на праваслаўны імідж гораду.

У мяне гэта на памяць. «Считать нецелесообразным проведение фестиваля «Рок-Кола», вредящим православию и духовности города Полоцка». Я пасля размаўляў з праваслаўнай суполкай і гаварыў: «Прабачце, у мяне на сцэне стаяць католікі, праваслаўныя, пратэстанты, уніяты. Ці хтосьці хоць калі заклікаў да чагосьці дрэннага?» Проста гучала музыка.

А яны што?

Нічога, для іх няма розніцы. Там ні ўлады не разумелі, што здарылася, ні мы.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Дык значыць зверху была каманда?

Я думаю, што так.

А як вы ўвогуле пачалі актыўна займацца музыкай і канцэртамі? Якія цікавыя гісторыі ўзгадваеце са сваёй музычнай кар’еры?

Па-першае, узгадваецца тое ж знаёмства з Лявонам Вольскім. Ты не разумееш, што такое 1986 год, калі ў мяне быў гурт «Пошук», у нас у Наваполацку было літаб’яднанне «Крыніца». Нам пісалі і Сяржук Сакалоў-Воюш, Алег Мінкін. Быў 1986 год, Сяржук вырашыў пазнаёміць нас з «Мрояй». Мы ехалі ў Менск, і нам падавалася, а мы пазнаёміліся ў Саюзе пісьменнікаў, яшчэ быў жывы Максім Танк, і мы ўсё думалі, якія ж тыя «Мроі», як «Deep Purple». І нам далі паслухаць першы запіс, а мы везлі свой першы альбом, які называўся «Першы крок». Калі мы прыехалі, то пабачылі, што гэта былі такія ж хлопцы, маладыя, якія толькі вярнуліся з войска. Мы зладзілі такі першы канцэрт, яшчэ памятаю, як мне сказаў Максім Танк: «Эй, кепскі ты беларус», а я не ведаў жа такога слова, «кепскі». Пабег пытацца ў Сокалава-Воюша і ў Лявона. Пасля пытаюся ў Максіма Танка, дык чаму ж, я ж спяваў па-беларуску. А ён адказвае: «Спяваеш добра, размаўляць пакуль не можаш».

Вернемся да «Рок-Кола». Як думаеце, чаму ўлады Беларусі не паспрабавалі ўзяць фестываль пад кантроль, а груба яго забаранілі. Напрыклад, да рок-фестывалю «Нашествие» ў Расеі актыўна далучылася Мінабароны.

У мяне не было перашкодаў ад дзяржавы. Ні з боку гарвыканкаму, ні з боку нейкіх сілавых структураў – не было. Я дагэтуль не разумею, чаму менавіта ў той момант вось нейкае цярпенне ўладаў рухнула.

Гэта ж яшчэ быў і момант нейкага застою, у краіне нічога не адбывалася.

Канечне. І калі б у той момант нейкія структуры дапамаглі, можна было б зрабіць вялікі ўсебеларускі праект. Я ўсё жыццё кажу: «Вы ў моладзі шмат забралі і нічога не прапанавалі». Я зрабіў дзіцячы фестываль «Халі-Хало», ён быў з 1994 па 2003-ці. Спыніўся. Але па прашэсці 10 гадоў яго прапанавала Міністэрства культуры. Вось чаму з «Рок-Колам» ніхто не набярэцца… Вось уявім, што я сёння сяджу такі ўвесь з уладай у Міністэрстве культуры і такі кажу: «Дзе там той Аніса? Чаму б не зрабіць фестываль? Ну-ка паклічце яго да мяне. І будзем размаўляць». І мне скажуць: «Давайце не будзем перакрочваць нейкія межы». І я вось вельмі часта мару, што калісьці набярэцца тэлефон і скажуць: «Слухай, давай!» Вось можа тады… Мне 52 гады, ёсць такая штука: у мяне чацвёра дзяцей, пяць унукаў, хочацца пажыць спакойна. Але мяне можна завесці, і я зноў стану 25-гадовым. І я ведаю, з чаго пачаць! І тады б не трэба было з’язджаць нашым гуртам. На «Басовішчы» мне вельмі падабалася, але ты ехаў у госці, мы стаялі ў чэргах, каб адкрыць візы. І ўжо тое «Басовішча» было не трэба. А тут хацелася б, каб мы былі дома, і маглі зладзіць фестываль у пяць разоў лепшы!

Гутарыў Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў