Святлана Калінкіна: Ужо прайгралі, можна не страляць


У эфіры радыё «Спутник» распінаецца сенатар Сяргей Гайдукевіч. Беларускае МЗС, маўляў, стамілася казаць усім, што вучэнні «Захад-2017» нікому не пагражаюць, але нас ніхто не чуе. Ай-айвой-вой! Вакол падвойныя стандарты, вакол ворагі! Каму і што мы даказваем?! Як жа так? Чаму так?..

Сапраўды, чаму так? Бо і МЗС не адну заяву зрабіў, і Мінабароны, і асабіста Аляксандр Лукашэнка… Вось толькі нікога пераканаць не змаглі.

Тлумачу Сяргею Іванавічу Гайдукевічу. І МЗСу. І Лукашэнку, чаму так.

Тлумачэнне вельмі простае. Яно крыецца ў простым і вельмі непапулярным у беларускіх палітычных рэаліях слове «рэпутацыя».

У беларускіх афіцыйных асобаў (пачынаючы з галоўнай) і іхных тлумачальнікаў такая рэпутацыя, што любы разважны чалавек паслухае, але падумае і зробіць наадварот. І гэтую сітуацыю не выправіць ні ўказам, ні загадам, ні набыццём самай сучаснай тэхнікі, ні нават расстрэламі.

Менавіта таму ў вучэннях «Захад-2017» мяне не вельмі цікавіць, што і куды будзе страляць. Мяне цікавіць, як беларускія ўлады маюць намер выйграваць ва ўмовах сучаснай вайны. То бок, калі працуюць не толькі прылады і радары, але калі тэрыторыя апрацоўваецца інфармацыйна і ідэалагічна.

У гэтым сэнсе разгром нашая армія пацярпела яшчэ да пачатку вучэнняў. Пра негатовасць да сучаснай вайны, пра неразуменне ўмоў, у якіх яна вядзецца, аб уласнай бездапаможнасці абвясціў на брыфінгу з нагоды вучэнняў «Захад-2017» начальнік Генштабу генерал-маёр Алег Белаконеў, калі адстраляўся падрыхтаванай прамовай і… адмовіўся адказваць на пытанні журналістаў.

Па сутнасці, генерал прадэманстраваў поўную і безумоўную капітуляцыю.

Скажу больш, поўная капітуляцыя закладзеная ў беларускім заканадаўстве, бо ў выпадку ўвядзення надзвычайнага і ваеннага становішча прадугледжваецца спыненне працы ўсіх медыяў, акрамя тых, якія ўпаўнаважыць дзяржава. Плюс да гэтага, заканадаўствам прадугледжана блакіроўка інтэрнэту.

Як можна было прымаць такія законы пасля ўкраінскіх падзеяў? Бо ўвесь свет зразумеў, што толькі медыі, грамадскія ініцыятывы, сацыяльныя сеткі, відавочцы, энтузіясты дазволілі Украіне выстаяць, мабілізавацца, апрануць-абуць войска, перамагчы спачатку інфармацыйна, а потым ужо і ва ўзброеным канфлікце.

Як можна было пасля Украіны дадумацца да рашэння аб неабходнасці інфармацыйнай блакады ўласнага насельніцтва? Хто гэта мог дадумацца? Гэта глупства, тупасць ці наўмысная праца на патэнцыйнага праціўніка?..

Ведаю, што сказаў бы генерал Белаконеў на гэтыя пытанні, калі б палічыў патрэбным адказваць на пытанні журналістаў. Здагадваюся, што думае з гэтай нагоды Лукашэнка. Маўляў, у выпадку вайны вяшчаць будуць адмыслова ўпаўнаважаныя структуры, людзі і медыі, будуць даводзіць інфармацыю правільную, вывераную і такую, якую палічыць вартай распаўсюду вярхоўны галоўнакамандуючы. Напярэдадні вучэнняў «Захад-2017» усе ўпаўнаважаныя вяшчалі, але ніхто іх не пачуў і ніхто ім не паверыў. Таму што чытай пункт першы – «рэпутацыя».

А, значыць, вучэнні «Захад-2017» ужо паказалі, што вайну мы прайгралі. Можна не страляць.

Святлана Калінкінаbelaruspartisan.org

Глядзі таксама
Каментары