Святлана Алексіевіч пакінула Расейскі ПЭН-цэнтр


Гэтак пісьменніца адрэагавала на выключэнне з арганізацыі Сяргея Пархоменкі.

Пісьменніка і журналіста Сяргея Пархоменку выключылі з Расейскага ПЭН-цэнтру напрыканцы мінулага году «за правакацыйную дзейнасць, несумяшчальную з яе мэтамі і задачамі». Пасля гэтага арганізацыю сталі пакідаць яе вядомыя чальцы – напрыклад, Леў Рубінштэйн, Барыс Акунін і Аляксандр Ілічэўскі.

Сам Пархоменка звязаў сваё выключэнне, у прыватнасці, з тэкстам на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы», у якім ён распавядае пра сітуацыю са зваротам Рускага ПЭН-цэнтра да расейскіх уладаў аб лёсе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.

Больш за 30 сябраў Рускага ПЭН-цэнтру напярэдадні запатрабавалі правесці пазачарговы сход і адмяніць рашэнне аб выключэнні Пархоменкі.

Даведка

ПЭН-клуб — сусветнае аб’яднанне прафесійных літаратараў, заснаванае ў 1921-м годзе ў Лондане з ініцыятывы Кэтрын Эмі Доўсан-Скот і Джона Голзўардзі з мэтай пашырэння супрацы творцаў і абароны іх правоў.

Назва – абрэвіатура ад ангельскіх словаў «poet» (паэт), «essayist» (эсэіст) і «novelist» (раманіст) – якая, у сваю чаргу, складваецца ў слова «асадка» («pen»).

Беларускі ПЭН-цэнтр паўстаў у 1989-м, а ў 1990-м яго прынялі ў Міжнародны ПЭН-клуб.

Прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтру – Андрэй Хадановіч (з 2009-га).

ДД

Стужка навінаў