Суполка беларускіх мастакоў пры Мінабароны піша карціны пра Вейшнорыю і Усяслава Чарадзея


«Захад-2017. Вейшнорыя» – карціна мастака Канстанціна Пахомчыка. Крыніца – Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр».

Студыя вайсковых мастакоў пры Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл існуе ўжо 15 год, а ў гэтым годзе рыхтуе выставу да так званага «100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі». Войска незалежнай беларускай дзяржавы афіцыйна адлічвае сваю гісторыю ад савецкага войска, хаця менавіта распад СССР даў магчымасць узнікнуць незалежнай Беларусі.

З Вейшнорыяй у сэрцы

Некалькі карцінаў, якія прысвечаныя падзеям стратэгічных сумесных беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017», ужо намаляваныя вайсковымі мастакамі і будуць прысутнічаць на выставе, піша «Белорусская военная газета».

Карціна Рыгора Лойкі. Крыніца – Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр».

«На палатне адлюстравана, як на палігон прыбываюць прадстаўнікі прэсы, журналісты пачынаюць сваю працу, каб зафіксаваць найбольш цікавыя моманты вучэння. Вось у самым разгары бой з умоўным праціўнікам. На тварах вайскоўцаў напружанне і засяроджанасць…», – апісвае выданне карціны.

Карціна Рыгора Лойкі. Крыніца – Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр».

Вучэнні «Захад-2017», якія выклікалі занепакоенасць усіх суседзяў Беларусі, адбыліся ў верасні 2017 года. У іх на тэрыторыі нашай краіны ўдзельнічалі каля 9.000 беларускіх і 3.000 расейскіх жаўнераў.

Інтэрнет-мемам у Беларусі стала Вейшнорыя – фантазійная краіна на захадзе Беларусі, якая згодна з афіцыйным сцэнаром вучэнняў, дзейнічае супраць усходніх сіл.

Адна з карцінаў на выставе названая менавіта ў гонар гэтай краіны.

«Захад-2017. Вейшнорыя» – карціна мастака Канстанціна Пахомчыка. Крыніца – Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр».

Перад вучэннямі ў інтэрнэце з’явіліся «патрыёты» Вейшнорыі, пашпарты гэтай «альтэрнатыўнай Беларусі» і нават заклікі да расейскіх вайскоўцаў здавацца ў палон жаўнерам Узброеных Сіл Вейшнорыі.

Не толькі танкі

Аднак мастакі Суполкі пішуць карціны не толькі на сучасныя вайсковыя сюжэты. Вядома, ці не галоўнай тэмай для іх зʼяўляецца Другая сусветная вайна, савецкі погляд на якую дагэтуль застаецца асновай ідэалагічнай працы ў беларускім войску.

Вядомая карціна Мікалая Апіёка з яшчэ больш вядомым героям. Крыніца – Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр».

Кіруе суполкай заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Апіёк, які напісаў вядомае афіцыйнае палатно з Аляксандрам Лукашэнкам на вайсковых вучэннях, аднак шмат працаў прысвяціў несучасным і несавецкім старонкам беларускай гісторыі.

«Усяслаў Чарадзей» – карціна Мікалая Апіёка. Крыніца – http://zviazda.by

Аднак на карцінах мастака прысутнічаюць таксама і Вітаўт з Ягайлам, і Дунін-Марцінкевіч, і каралева Бона, і Кастусь Каліноўскі.

«За волю. Кастусь Каліноўскі». Карціна Мікалая Апіёка. Крыніца https://pieramoha.org

Міжнародны досвед

У многіх краінах свету вайскоўцы запрашаюць да супрацы мастакоў, якія зацікаўленыя ў працах на тэму арміі і вайны. Гэтак у Канадзе, напрыклад, існуе «Мастацкая праграма Канадскіх Узброеных Сіл», афіцыйная мэта якой «захаваць у памяці дзеянні канадскіх вайскоўцаў» і «даць канадскім мастакам магчымасць паказаць жаўнераў Канады на сваёй зямлі і па ўсім свеце».

Па жаданню мастакоў (выключна грамадзянаў Канады, ёсць і медыцынскія абмежаванні) бяруць з сабой у казармы, на вучэнні і нават у зоны баявых дзеянняў, дзе людзі мастацтва могуць убачыць вайсковую штодзённасць, адчуць сутнасць вайсковай прафесіі і жаўнерскі дух. Запрашаюць і скульптараў, і музыкантаў, і актораў, і пісьменнікаў.

Перастрэлка ў горадзе. Ірак, 2003 год. Малюнак амерыканскага ваеннага мастака Элзі Рэя Гольдэна. Крыніца – https://history.army.mil

Аналагічныя праграмы ці суполкі існуюць, напрыклад, і ў Расеі, і ў Злучаных Штатах. Апошнія адпраўлялі мастакоў са сваймі вайскоўцамі і на Другую сусветную вайну, і на вайну ў Карэі, і ў Ірак з Афганістанам ужо ў гэтым стагоддзі.

Творы мастацтва, якія задавальняюць густ адпаведных вайсковых камісіяў, набываюцца для вайсковых музеяў, гістарычных цэнтраў ці ўпрыгожвання інтэрʼераў афіцыйных будынкаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары