Суд над фанатамі: беларусам прысудзілі штраф, а ўкраінцам – яшчэ і арышт


Учора быў затрыманы 41 заўзятар, але 16 з іх адпусцілі.

Суды завершаныя. Паводле “Радыё Свабода”, прысуды атрымалі 12 украінцаў і 12 беларусаў. Сямі украінцам былі прысуджаныя 5 содняў адміністратыўнага арышту і яшчэ аднаму – 10 содняў. Таксама двое ўкраінцаў атрымалі штраф 1,5 мільёны рублёў, яшчэ двое – штраф 1 мільён.

12 беларусам прысуджаныя грашовыя штрафы ў памеры 600 тысяч рублёў.

Як паведаміла «Еўрарадыё» са спасылкай на прэс-службу Упраўлення ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму, учора быў затрыманы 41 заўзятар. 16 з іх адпусцілі пасля высвятлення асобы, а 25 мусілі асудзіць у судзе Барысаўскага раёна. Сярод іх 14 украінцаў.

У асноўным вінавацілі ў «знаходжанні ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане» і ў «дробным хуліганстве» і даюць у асноўным па 5 содняў адміністратыўнага арышту.

Ніякай інфармацыі па затрыманых з боку менскай міліцыі не было.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаўся наконт затрыманых футбольных заўзятараў з Украіны.

«Даручыў МЗС тэрмінова забяспечыць консульскую абарону для неадкладнага вызвалення і вяртання дадому ўсіх затрыманых у Беларусі ўкраінцаў», – паведамляецца ў Twitter кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

Праваабаронца Таццяна Рэвяка ў Facebook паведаміла, што пасля заявы Парашэнкі затрыманых, (яшчэ не асуджаных украінцаў, кажуць пра трох) выпускаюць без суда.

У каментары «Еўрарадыё» адзін з украінскіх фанатаў заявіў, што грамадзянаў Украіны затрымлівалі за футболкі з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў