Аляксандр Фядута Суд над «дарагім хаўруснікам»

паліткансультант

Ні разу не судзілі дагэтуль у Беларусі людзей за абразлівыя для тытульнай нацыі выказванні. Напрыклад, пра тое, што на беларускай мове нельга стварыць нічога вялікага. Піша Аляксандр Фядута.

У Менску пачаўся суд над няштатнымі карэспандэнтамі расейскага агенцтва «Рэгнум». Ім інкрымінуюць два досыць розныя паміж сабой абвінавачанні – незаконнае прадпрымальніцтва (абвінавачваюць у тым, што яны займаліся журналісцкай дзейнасцю без акрэдытацыі) і распальванне міжнацыянальнай варожасці.

Першае пакуль пакінем; скажам толькі, што за два дні да пачатку суду над «рэгнумаўцамі» у інтэрнэце з’явілася паведамленне пра падрыхтоўку ўказу пра дэкрыміналізацыю дадзенага артыкула ў беларускім заканадаўстве.

Такім чынам, тры ваяўнічыя русафілы маюць шанец увайсці ў гісторыю як апошнія фігуранты судовых паседжанняў з падобным парадкам дня. А гэта кажа шмат пра што.

Напрыклад, пра тое, наколькі ў прынцыпе такое абвінавачванне мае сэнс у дачыненні да людзей, чые ганарары за публікацыю складалі менш за 100 долараў у эквіваленце. Ухіленне ад падаткаў – і тое – далёка не ў буйных памерах. Ці варта было трымаць за гэта людзей год у турме?

Вось другі артыкул Крымінальнага Кодэксу цікавы. Дакладней, цікавая практыка яго правапрымянення.

Ні разу не судзілі дагэтуль у Беларусі людзей за абразлівыя для тытульнай нацыі выказванні. Напрыклад, пра тое, што на беларускай мове нельга стварыць нічога вялікага. Пра тое, што ў нас няма іншага шляху, акрамя як шлях з Расеяй, і што існаваць як дзяржава мы можам толькі ў саюзе з ёй. Нарэшце, пра тое, што асобы, якія размаўляюць на беларускай мове, толькі і ўмеюць, што на ёй размаўляць – і не тое што размаўляць – «гвалтам крычаць».

Пазнаеце? Гэта я змякчыў яшчэ цытаты. І казаў усё гэта грамадзянін Рэспублікі Беларусь, і дзяржаўныя медыі ўсю гэтую абразлівую для кожнага беларуса лухту транслявалі, тыражавалі ды падтрымлівалі.

Праблема не ў тым, што абвінавачаныя так кажуць, а ў тым, што яны так думаюць. І такія думкі іхныя падмацоўвалі, пачынаючы ад 1995 году – пасля памятнага травеньскага рэферэндуму. Падмацоўвала ўся ўладная прапагандысцкая машына. Намёртва склейвалі ў іх свядомасці беларускую мову і гістарычную нацыянальную сімволіку з фашызмам шматлікія замяталіны. Вось – пераканалі, нарэшце. Цяпер іх судзяць.

Судзяць за тое, што яны выказваюць, а думаюць так не толькі яны. Пачытайце выказванні шматлікіх расейскіх вайскоўцаў высокага рангу пасля іх выхаду ў адстаўку. Чым іхныя словы адрозніваюцца ад словаў Шыпценкі ды Алімава? Толькі тым, што Шыпценку ды Алімава кранаць можна, а гэтых – хрэн возьмеш. Іх генеральскія пагоны абараняюць.

Ёсць і яшчэ адзін бок медаля. Так думаюць не толькі расейскія генералы. Так думаюць і расейскія палітыкі.

Кожны візіт у Менск расейскага губернатара ўключае рытуальны візіт да кіраўніка суверэннай Беларусі – як да роўнага! Які прэзідэнт дзесяцімільённай еўрапейскай дзяржавы будзе прыніжацца, выказваючы сімпатыі прызначанаму рэгіянальнаму чыноўніку – не абранаму нават, а прызначанаму? Ніводны і нідзе. Толькі ў нас.

Тады што пра нас мусіць думаць той расейскі палітык, якога абіраюць, а зараз зноў абяруць практычна з васьмідзесяціадсоткавым рэйтынгам? Прычым ягоны вынік будзе значна меншы за «ярмошынскі», чым нашыя вынікі? Што ён мусіць думаць пра краіну, якую ён крэдытуе, якая прыніжаецца перад ім штогод, выкленчваючы ільготны кошт на нафту? Гэтая асоба ўжо паказала нам, ува што яна ацэньвае наш суверэнітэт, размазаўшы яго па кафлянай падлозе падчас апошніх сумесных вучэнняў.

Ён так не кажа – ён так думае. Публічна асудзіць яго за гэта беларускі бок не можа, таму адрываецца на тых, хто знаходзіцца ў зоне дасяжнасці. Тых, каго яна сама навучыла так думаць і справакавала на выказванні.

Зараз іх асудзяць.

А па мне – як там на расейскім тэлебачанні передачка называецца? «Пусть говорят»? Вось хай гавораць. Магчыма, нашая ўлада пачне гаварыць па-іншаму – каб хоць неяк ад іх адрознівацца.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары