2 кастрычніка загінула галоўная рэдактарка расейскага выдання KozaPress з Ніжняга Ноўгарада Ірына Славіна. Яна падпаліла сябе ля будынка гарадскога МУС і памерла на месцы, паведамляе Baza.
Напярэдадні ў журналісткі прайшлі ператрусы па справе аб «непажаданай арганізацыі», але Следчы камітэт РФ сцвярджае, што смерць Славінай з імі не звязана, паколькі яна сведка, а не падазраваная.
Да гэтага галоўрэда KozaPress штрафавалі за акцыю памяці Нямцова, выказванні супраць устаноўкі мемарыяльнай дошкі Сталіну і навіну пра COVID-19. Да месца гібелі журналісткі нясуць кветкі, на яе старонцы ў фэйсбуку множацца каментары са спачуваннямі. Прафсаюз журналістаў і супрацоўнікаў СМІ ўпэўнены, што ў тым, што адбылося, ёсць усе прыкметы давядзення да самагубства, бо заснаванае Ірынай Славінай СМІ сістэматычна падвяргалася ціску з боку ўладаў.
Незадоўга да сваёй гібелі Ірына Славіна апублікавала ў сябе ў фэйсбуку пост са словамі «У маёй смерці прашу вінаваціць Расейскую Федэрацыю».
ПБ/АА Vot Tak TV